Заява грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

8 лютага 2009 года ў Беларусі ўступіў у сілу новы закон «Аб СМІ». Ён утрымлівае шэраг норм, якія ўскладняць становішча сродкаў масавай інфармацыі ў краіне. У прыватнасці, закон прадугледжвае рэгуляванне дзейнасці інтэрнет-СМІ пастановай ураду і перарэгістрацыю ўсіх СМІ, спрашчае працэдуру закрыцця СМІ, змяншае ступень абароненасці журналістаў і рэдакцый. Судовае спыненне дзейнасці СМІ зараз магчымае пасля двух папярэджанняў за любыя парушэнні. Перадрук матэрыялаў з іншых СМІ альбо апублікаванне матэрыялаў, атрыманых ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, калі гэтыя матэрыялы «дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь» альбо кагосьці зневажаюць, не вызваляе выданне ад адказнасці.

Трэба адзначыць, што праца над пастановай ураду аб рэгуляванні дзейнасці інтэрнет-СМІ прыпыненая, але ў законе застаецца палажэнне аб гэтым. Перарэгістрацыя СМІ будзе праводзіцца ў заяўным парадку, што таксама з’яўляецца станоўчым момантам.

Сярод іншых пазітыўных зменаў можна таксама адзначыць:

• вяртанне ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду дзвюх недзяржаўных газет – «Народная воля» і «Наша ніва», а таксама вяртанне «Народнай волі» ў беларускую друкарню;

• правядзенне двух круглых сталоў з удзелам рэдактараў і журналістаў недзяржаўных СМІ і прадстаўнікоў ГА «БАЖ», якія спрыялі адкрытаму абмеркаванню праблем мас-медыя.

Гэтыя крокі можна разглядаць як дэманстрацыю беларускімі ўладамі руху насустрач выкананню рэкамендацый Еўразвязу.

Тым не менш, ГА «БАЖ» вымушаны канстатаваць: рэальных зменаў сітуацыі са СМІ і свабодай слова ў Беларусі пакуль не назіраецца. Улады па-ранейшаму трымаюць манаполію на большасць друкаваных і электронных СМІ, а таксама на сістэмы друку і распаўсюду. Дзяржаўныя СМІ ўспрымаюцца ўладамі як частка кіраўнічага механізму, якая выконвае прапагандысцкую функцыю. У той жа час, палітыка беларускіх уладаў па-ранейшаму скіраваная на выключэнне незалежных СМІ з легальнай інфармацыйнай прасторы - у асноўным шляхам эканамічнай дыскрымінацыі, а таксама абмежаванняў доступу журналістаў да крыніц інфармацыі. 13 незалежных грамадска-палітычных газет дагэтуль застаюцца па-за дзяржаўнымі сістэмамі распаўсюду. Працягваецца выкарыстанне закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» для абмежавання свабоды выказвання.

Усе гэтыя з’явы адбываюцца на фоне спробаў наладзіць дыялог паміж Беларуссю і Еўропай. ГА «БАЖ» працягвае падкрэсліваць: ніякі сапраўдны дыялог немагчымы без забеспячэння свабоды выказвання ў краіне і рэальнага паляпшэння сітуацыі з беларускімі сродкамі масавай інфармацыі.

У якасці гэткага паляпшэння ГА «БАЖ» па-ранейшаму разглядае выкананне наступных умоваў:

1. Забеспячэнне роўных эканамічных умоваў для СМІ розных форм уласнасці, у першую чаргу – вяртанне ўсіх недзяржаўных грамадска-палітычных газет у сістэму «Белсаюздруку», падпісныя каталогі «Белпошты» і беларускія друкарні, а таксама недапушчальнасць адмежавання друку і распаўсюду ў будучым.

2. Забеспячэнне поўнага доступу да інфармацыі, а менавіта:

• адмена артыкулаў Закона «Аб дзяржаўнай службе», а таксама палажэнняў ведамасных падзаконных актаў, якія абмяжоўваюць журналістаў у праве на доступ да інфармацыі аб дзейнасці органаў улады;

• гарантаванне свабоды акрэдытацыі карэспандэнтаў і адкрыцця афіцыйных прадстаўніцтваў замежных СМІ ў Беларусі, а таксама ўвядзенне заявачнага прынцыпу акрэдытацыі;

• недапушчальнасць выпадкаў адмовы дзяржаўных службоўцаў прадастаўляць інфармацыю журналістам.

3. Прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі прававымі нормамі, а менавіта:

• прывядзенне ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі законаў «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і практыкі іх прымянення;

• адмена пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а менавіта артыкула 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», артыкула 368 «Абраза ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», артыкула 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», артыкула 369-1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і артыкула 193-1, які тычыцца дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый.

На думку ГА «БАЖ», гэтыя крокі паспрыяюць паляпшэнню сітуацыі са свабодай выказвання і развіццю свабодных медыяў у Беларусі як неабходных умоваў развіцця дэмакратычнай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?