У кулуарах «Мінскага дыялогу» карэспандэнт «Нашай Нівы» задаў пару пытанняў міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву. 

«Наша Ніва»: МУС дэкларуе большую адкрытасць — у прыватнасці, інфармацыйную, а таксама «ачалавечванне» стаўлення да грамадзян. А ці ёсць ужо нейкія станоўчыя эфекты ад гэтага? 

Юрый Караеў: Паняцце чысціні мундзіра не азначае ўтойвання нейкіх здарэнняў.

Так, мы пачалі шчыра казаць пра свае недахопы: не заўсёды добрыя паводзіны супрацоўнікаў, можа быць, нават злачынствы.

І калі казаць адкрыта, то адразу адчуваецца, як тым, хто хацеў бы стварыць на негатыве вострую палеміку, становіцца няма пра што гаварыць.

А далей ужо чакаюць нашых дзеянняў — як і што будзем рабіць, як рэагаваць, як выпраўляць. Выпраўляем! І ў гэтым той маральна-псіхалагічны плюс, пра які вы пытаецеся. 

«Наша Ніва»: А ці праўду кажуць, што на адной з нарадаў МУС вы разбіралі скаргі на празмернае ўжыванне сілы і рэзюмавалі, што калі супрацоўнік міліцыі не можа пацвердзіць сваю пазіцыю відэазапісам, то ён, найхутчэй, і вінаваты? 

Юрый Караеў: Я б не сказаў, што адназначна вінаваты. Проста калі паступае такая скарга, то трэба спачатку сыходзіць з таго, што грамадзяне ўзводзіць паклёп проста так не стануць.

Словам, не адмятаць адразу магчымасць, не закрывацца: «Міліцыянер заўсёды правы!».

Як кажуць, міліцыя ў нас рабоча-сялянская, асабовага складу шмат, не заўсёды ўсё будзе ідэальным.

З майго асабістага досведу: калі паскардзіліся на вайскоўца ўнутраных войскаў, на міліцыянера, то нешта там было. Што не зусім так — гэта 100 %, што згусцілі фарбы — хутчэй за ўсё. Але бяры і шукай. І дай бог, каб нічога не спраўдзілася, каб былі максімум — некарэктныя паводзіны, а не нешта незаконнае. 

І, канечне, мы стараемся звесці такія праяўленні да нейкай ніжняй кропкі, відэа тут — як інструмент. 

Разумееце, у міліцыянера найцяжэйшая работа. Узяць ДАІ — ён на вуліцы, ён стомлены, ён выгарае, ён працуе з парушальнікамі, якія да яго амаль заўсёды па змоўчанні ставяцца негатыўна і ў нейкай форме гэта выказваюць. Ён сам нервуецца.

Але ён павінен трымацца! Быць стрыманым, памятаць, што працуе ў імя людзей, для людзей. І так усе.

У майго папярэдніка, дарэчы, Ігара Анатольевіча Шуневіча, у кабінеце да рамонту вельмі добрае выказванне вісела. Ён яго трымаўся, хаця СМІ, канечне, стварылі яму яшчэ той імідж!

Дык вось, гэта выказванне кіраўніка Скотланд-Ярда, аб тым, што «Доўг супрацоўніка паліцыі перадусім не ў тым, каб раскрыць злачынства, а ў тым, каб абараніць грамадзяніна». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?