8 кастрычніка ў Вільні адбылося паседжаньне дзяржаўнай камісіі ў справе перапахаваньня паўстанцаў 1863 году, чые парэшткі на пачатку 2017-га былі знойдзеныя на Гедзімінавай (Замкавай) гары, піша «Радыё Свабода».

Ад беларускай грамады быў запрошаны старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч, таксама далучыліся каталіцкія біскупы зь Літвы, Польшчы і Беларусі.

У часе нарады трэба было ўхваліць канчатковы варыянт праграмы ўшанаваньня двух дзясяткаў паплечнікаў Кастуся Каліноўскага, асуджаных на сьмерць царскім рэжымам. Збольшага гэтая задача выкананая, адзначыў у гутарцы са Свабодай спадар Адамковіч.

Што да пытаньня магчымай перадачы парэшткаў самога Каліноўскага ў Беларусь, пра што прасілі кіраўніцтва Літвы лідэры беларускай грамадзкай думкі, яно ў парадку ня значылася. Наадварот, разам зь іншым лідэрам паўстанцкага руху Зыгмундам Серакоўскім Кастусь Каліноўскі атрымае значна большыя знакі пашаны і ўвагі ў Літве.

Трохдзённая ўрачыста-жалобная цырымонія

Згодна з рашэньнем камісіі, урачыста-жалобная цырымонія зойме тры дні.

20 лістапада труны з героямі даставяць у віленскі Ніжні замак (Палац валадароў). Пакуль не ўдакладняецца, ці адкрыюць туды вольны доступ усім ахвотным, але выглядае, што не. Агулам будзе два дзясяткі скрынак з парэшткамі, хоць калюмбарый у Росах разьлічаны на 21.

Справа ў тым, што літоўскія навукоўцы здолелі ідэнтыфікаваць усіх загінулых, апроч ксяндза Станіслава Ішоры. Ёсьць генэтычныя дадзеныя двух нашчадкаў ягоных пляменьнікаў, якія жывуць у Літве і Польшчы. І аналіз паказаў, што сярод пахаваных няма Ішоры. Дасьледчыкі маюць гіпотэзу, што ў пачатку ХХ стагодзьдзя сьвятара ўдалося перапахаваць у касьцёле Сьвятога Мікалая ў Вільні, цяпер гэтая вэрсія правяраецца. Таму разьвітальная цырымонія пройдзе без Ішоры, хоць на Росах ніша для яго падрыхтаваная.

Від на Ніжні замак з гары Гедзіміна, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў.

Від на Ніжні замак з гары Гедзіміна, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў.

У палацы труны зь героямі прабудуць да 22 лістапада і, як плянуецца, раніцай іх перанясуць у Віленскі катэдральны касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава, дзе пройдзе ўрачыстая імша, а таксама з прамовамі выступяць афіцыйныя прадстаўнікі Літвы і Польшчы.

Узровень беларускай дзяржаўнай прысутнасьці дагэтуль невядомы. Як было заяўлена падчас паседжаньня, запрашэньне ў Менск накіраванае, але ніякага адказу пакуль няма.

Пасьля гэтага паўстанцаў перавязуць на могілкі Росы, дзе для іх завяршаюць абсталяваньне адмысловага пантэона.

Плян жалобных імпрэзаў 22 лістапада

11.00—11.45 Разьвітаньне грамадзкасьці з паўстанцамі.

12.00 Пачатак урачыстай імшы ў катэдральным касьцёле.

13.20 Вынас парэшткаў герояў з катэдры і пешая працэсія на могілкі Росы. Каліноўскага і Серакоўскага павязуць на лафеце, іншых паўстанцаў — на катафалках.

14.00 Цырымонія пахаваньня парэшткаў у калюмбарыі нэагатычнай капліцы. Для лідэраў паўстаньня будуць абсталяваныя пачэсныя месцы.

Кіраўніцтва Літоўскай тэлевізіі зьбіраецца арганізаваць жывую трансьляцыю на Першым нацыянальным канале, таксама ў пэўных месцах на шляху працэсіі паставяць вялікія экраны, куды будзе буйным плянам выводзіцца карцінка.

На паседжаньні камісіі таксама меркавалася падняць пытаньне візавай падтрымкі для беларусаў, якія не хацелі б прапусьціць гістарычную падзею. Бо выглядае, што з улікам важнасьці асобы Кастуся Каліноўскага для Беларусі колькасьць удзельнікаў перапахаваньня будзе вымярацца тысячамі.

Паводле Аляксандра Адамковіча, віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў, што беларусы вартыя такога падарунка, таму Міністэрству замежных спраў даручана папрацаваць над рэалізацыяй такой магчымасьці.

Каб не ствараць затораў на памежных пераходах, для разгрузкі патоку могуць быць задзейнічаныя прапускныя пункты з Латвіяй і Польшчай.

Тры мовы для герояў

Як расказвала Свабода, двойчы цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні здарыліся моцныя апоўзьні. Паўстала пагроза, што можа ня вытрываць славутая вежа, помнік гісторыі і культуры ХIV стагодзьдзя. У студзені 2017-га першымі там пачалі працаваць археолягі — і літаральна празь некалькі дзён ім адкрылася пахавальная яма, у якой, згодна з пазьнейшымі антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, ляжаў Кастусь Каліноўскі. Агулам знайшлі парэшткі 21 паўстанца.

Адразу пасьля гэтых знаходак была створаная Дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса. Літоўскі ўрад распачаў перамовы наконт будучай мэмарыялізацыі з Польшчай і Беларусьсю. Але, калі польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі, у Менску асаблівага зацікаўленьня ня выявілі.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага Photo: G. Grižas, V. Steponaitis.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага Photo: G. Grižas, V. Steponaitis.

Спачатку ў Вільні з прычыны пасіўнасьці беларускага ўраду вырашылі, што надпісы на магілах будуць па-літоўску і па-польску. Толькі калі беларуская грамадзянская супольнасьць выказала пратэст, да моўнага пытаньня вярнуліся зноў.

Згодна з канчатковым праектам, кожнае надмагільле будзе падпісанае на трох мовах, а на агульным стэндзе яшчэ дадасца ангельская: «На гэтым месцы пахаваныя ўдзельнікі паўстаньня 1863—1864 гадоў і яго кіраўнікі Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі».

Сёлета ў канцы верасьня некалькі дзясяткаў беларускіх інтэлектуалаў падпісаліся пад зваротам да літоўскіх уладаў, каб перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. За некалькі дзён ініцыятыву падтрымалі блізу 5 тысяч чалавек. Аднак ідэя была раскрытыкаваная апанэнтамі, якія лічаць, што сучасны рэжым у Менску ня здольны годна ўшанаваць Каліноўскага, якога прапаганда лічыць «польскім паўстанцам».

Апошні спачын паплечнікаў

Літоўскі ўрад у выніку кансультацыяў прыйшоў да высновы, што ня будзе разглядаць просьбу прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці, паколькі не атрымліваў афіцыйнай просьбы ад вышэйшага кіраўніцтва краіны аб перапахаваньні парэшткаў у Беларусі. Такім чынам, 22 лістапада Каліноўскі знойдзе апошні спачын на могілках Росы побач са сваімі паплечнікамі.

Паўстаньне 1863—1864 гадоў было супраць расейскага панаваньня і за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі і Літве амаль дзьве сотні паўстанцаў пакаралі сьмерцю, прыкладна 850 асудзілі на катаргу, больш за 12 тысяч саслалі і выселілі з краю.

Месца пахаваньня многіх лідэраў народных выступаў больш за паўтара стагодзьдзя было невядомым. У выпадку з Кастусём Каліноўскім і ягонымі аднадумцамі нечакана дапамог прыродны фактар — апоўзень на віленскай гары Гедзіміна. Пасьля пачатку будаўнічых работ і раскопаў удалося знайсьці і ідэнтыфікаваць фрагмэнты касьцей двух дзясяткаў асобаў, якіх акупацыйная адміністрацыя асудзіла на сьмерць.

Згодна з балістычнымі і антрапалягічнымі дасьледаваньнямі знойдзеных у Вільні парэштак, частка паўстанцаў загінула на шыбеніцы, астатніх — расстралялі. Першыя прысуды былі выкананыя ў траўні 1863-га, апошняй ахвярай стаў Кастусь Каліноўскі, якога публічна павесілі 22 сакавіка 1864 году на Лукіскім пляцы — галоўным месцы экзэкуцыі.

Целы забітых не вярнулі сваякам для пахаваньня, а паскідалі ў безыменныя ямы на тэрыторыі фартэцыі, узьведзенай на загад расейскай адміністрацыі на гары Гедзіміна ў 1831 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?