Міністэрства замежных спраў Беларусі сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем плануюць правесці ў Мінску выстаўку знакамітага беларускага мастака Барыса Заборава.
Аб гэтым паведаміў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў у аўторак на афіцыйнай цырымоніі перадачы карціны Барыса Заборава «Гумно» Нацыянальнаму мастацкаму музею. Адзін з самых вядомых у свеце мастакоў, наш зямляк Барыс Забораў, які жыве ў Парыжы, асабіста прыехаў у Мінск, каб удзельнічаць у мерапрыемстве. Гэта яго трэці прыезд у Беларусь за 28 гадоў жыцця ў Францыі.
Сяргей Мартынаў падкрэсліў, што сённяшняя цырымонія важная з пункту гледжання вяртання імя мастака на радзіму.
Барыса Заборава ведаюць ва ўсім свеце, яго работы экспануюцца ў лепшых музеях свету. Сёння яго новая карціна набыла свой дом у беларускай скарбніцы мастацтваў.
Міністр культуры Беларусі Уладзімір Мацвяйчук сказаў, што гэта падзея мае вялікае значэнне для культурнага жыцця краіны. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваюцца работы Барыса Заборава ранняга перыяду яго творчасці, а гэта — першы твор парыжскага перыяду.
Барыс Забораў падкрэсліў на цырымоніі:
«Я рады вяртанню ў Беларусь, гэта — мая радзіма.Хачу быць дакладным у адказе на пытанне: якім мастаком я сябе адчуваю? Адназначна адказаць нельга. Я вучыўся ў Ленінградзе, Маскве, і Расія за апошнія 15 гадоў праявіла ў адносінах да мяне і маёй работы ўражальную ўвагу. Гэта ў Расіі прайшлі мае выстаўкі — у Музеі выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, Траццякоўскай галерэі, у Рускім музеі. У калекцыях гэтых музеяў захоўваюцца мае работы, як і ў Архангельскім, музеі Дастаеўскага, Музеі гісторыі Санкт‑Пецярбурга. Я па праву лічу Расію сваёй другой радзімай. 28 гадоў я жыву ў Францыі. Гэта краіна прыняла мяне, няпрошанага госця, дапамагла мне ў першыя цяжкія гады. Тут я ажыццявіў сваю мару, дзеля якой паехаў. Стаў мастаком у тым сэнсе, як мне гэта бачылася. Францыя сёння для мяне — трэцяя радзіма, як стала такой для многіх мастакоў, якія прыехалі з розных краін свету — Іспаніі, Італіі, Расіі, Беларусі, Лацінскай Амерыкі, Японіі. Відаць, такое ўжо спрыяльнае паветра ў гэтай краіне мастацтва».
Мастак прызнаўся, што яму заўсёды была блізкая і сімпатычная ідэя «чалавека свету»: «Чалавек свабодны, і калі ён па тых або іншых прычынах выбірае другую краіну для жыцця і дзейнасці — гэта яго неад’емнае права. Але чаго ён не павінен рабіць — гэта сячы свае карані. Бо толькі з каранёў можа вырасці крона. Я перакананы ў гэтым. І мой асабісты вопыт, ды і той факт, што я сёння тут знаходжуся, таму пацвярджэнне».
Жывапісец выказаў словы ўдзячнасці Сяргею Мартынаву, дзякуючы якому рэалізавалася сённяшняе мерапрыемства, а таксама ўсім, хто на працягу доўгага часу дапамагаў рыхтаваць гэту сустрэчу.
На мерапрыемстве прысутнічалі паслы замежных дзяржаў, мастакі, творчая інтэлігенцыя, прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў і ведамстваў.‑