Фота photo.bymedia.net

Фота photo.bymedia.net

Немцы цікавяцца Беларуссю. Нягледзячы на нядаўнюю прыкрую памылку з нямецкага боку ў назве нашай краіны, што сталася на прэс-канферэнцыі ў Берліне з удзелам кіраўніка беларускага МЗС, большасць немцаў ужо старанна вымаўляюць Belarus замест звыклага ім Weissrusland. Некаторыя з нямецкіх гісторыкаў і палітолагаў у сваіх доследах пераходзяць з агульнага, Лукашэнка ды Чарнобыль, плану, і пачынаюць глыбей займацца адметнымі праблемамі («НН» ужо пісала пра Фелікса Акермана, гісторыка, закаханага ў Горадню). І яшчэ: выдае на тое, што звычайныя турысцкія дапаможнікі пра Беларусь вычарпалі сваё, і нямецкаму чытачу хочацца большага.

Нямецкі пісьменнік і вандроўнік Увэ Рада найперш цікавіцца рэкамі Ўсходняй Еўропы. У супрацоўніцтве з фатографам Інкай Шванд напісаў кнігу вандроўных нататак «Одэр. Біяграфія адной ракі». Цяпер на замову нямецкага выдавецтва Siedler збірае матэрыял для падарожнай кніжкі з працоўнай назвай «Нёман. Рака ў цэнтры Еўропы».

«НН»: Увэ, вось чаму не Дняпро?

Увэ Рада: Толкам не знаёмы з гэтай ракой.... А калі шчыра, то трэба быць рэалістам: хто ў Германіі цікавіцца Дняпром?! Мы ж працуем для нямецкага чытача, а ў процівагу Дняпру, Нёман — для немца цікава. Нёман цячэ па тэрыторыі колішняй Усходняй Прусіі (цяпер Калінінградская вобласць РФ - кар.) і засталіся немцы, якія жылі на яго берагах, для іх Нёман — частка жыцця.

Сапраўды, Нёман — частка нямецкай гісторыі. Яго адцінак да 1945 году належаў Усходняй Прусіі і назва ёсць свая — Мемель. Ды што казаць, у гістарычным гімне «Нямеччына найперш» маюцца радкі «Ад Маасу да Мемеля». У нямецкай калектыўнай памяці існуе два Нёманы: Нёман, што цячэ па тэрыторыі Прусіі і які называюць Мемель, і ўласна, беларуска-літоўскі Нёман. Напрыклад, Тільзіцкі мір 1807 году: у нямецкіх крыніцах рака фігуруе як Мемель, а ўсяго толькі 5 гадоў пасля, у 1812, гістарычныя кнігі даводзяць, што Напалеон перайшоў «Нёман». Ды і назва раману польска-беларускай пісьменніцы Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» на нямецкую мову перакладаецца па-славянску.


Інка Шванд і Уве Рада

«НН»: Нёман — нямецкая рака?

Увэ Рада: Нёман, як Міцкевіч, належыць некалькім культурам. Рака заўсёды ляжала на скрыжаваннях беларускай, літоўскай, польскай, нямецкай і габрэйскай традыцыяў. Таму недарэчна яе прысябечваць. Больш за тое, на грунце цікаўнасці да адной ракі нараджаецца пачуццё лучнасці. Вось возьмем да прыкладу Одэр, тэму нашай папярэдняй кнігі. Одэр быў раней памежнай ракой, як бы раз’ядноўваў Нямеччыну і Польшчу, а цяпер нас з палякамі ён хутчэй лучыць. Рака, якая праз яе памежную нічыйнасць амаль не даследавалася, як, скажам, Рэйн ці Вісла, цяпер — прадмет агульнага зацікаўлення: турыстаў і краязнаўцаў.

Кніжны рынак Нямеччыны перажывае бум — за год выходзяць на рынак 100.000 найменняў. Ляйпцыгскі і Франкфурцкі кніжныя кірмашы — найбуйнейшыя ў свеце. У Германіі існуе стала высокі попыт на турыстычныя дапаможнікі і падарожныя кніжкі.

Распавядаючы пра вылучаныя на праект выдавецтвам 1000 еўраў і выдаткаваныя імі з уласнай кішэні дадатковых трох, Увэ і Інка менш за ўсё выдаюць на разважлівых бізнэсоўцаў, якія адно мараць на кнізе зарабіць. Яны хутчэй зачараваныя падарожнікі. Але...

НН: Увэ, ці будуць купляць вашу кнігу пра Нёман?

Увэ Рада: Мы маем усе падставы так меркаваць. Тэндэнцыя еўрапейскага кніжнага рынку — людзі цікавяцца падарожнымі нататкамі. Чытачы хочуць спалучыць карысную інфармацыю (дзе спыніцца на ноч, курс валютаў і г.д.) з аўтарскімі нататкамі. Таму звычайныя турысцкія дапаможнікі ўзбагачаюцца літаратурнымі замалёўкамі, а літаратурныя падарожныя нататкі наадварот — дапаможнымі звесткамі. Нямецкі чытач хоча ўсебаковасці. І таму ў нашых нататках мы не прэтэндуем на аб’ектыўнасць, хутчэй — на суб’ектыўнасць, на свежы позірк, і наш чытач цэніць менавіта гэта. Дарэчы, хутка чакаем другога перавыдання кнігі пра Одэр, і таму з кнігай пра Нёман мы з Інкай таксама спадзяемся на поспех.

Дадамо толькі, што ў Вялікай Брытаніі ўжо колькі год з поспехам перавыдаецца «Трое ў лодцы, не ўлічваючы сабакі» ў форме турысцкага дапаможніка, дзе класічны тэкст Джэрома К. Джэрома аздоблены інфармацыяй пра калябярэжныя гасцініцы і здымкамі маляўнічых лукаў і прыгожых мясцінаў Тэмзы.

«НН»: Калі чакаць кнігу?

Увэ Рада: Выхад запланаваны на 2010 год. Нам яшчэ шмат дзе трэба пабываць. Літоўскі і расейскі адцінкі Нёману мы ўжо абнікалі. Застаўся найвялікшы — беларускі. Зараз па запрашэнні нямецкага інстытута Гётэ выправімся на тыдзень у Горадню. З больш далёкасяжных планаў: улетку аб’ехаць Нёман на ровары.

Павал Касцюкевіч

* * *

А ў нас ужо ёсць пра Нёман

Вялікі Нёман/Didisis Nemunas. Хроніка воднага падарожжа па Нёмане з Беларусі ў Літву. — Мінск: Рыфтур. 2007. — 55 с. 500 ас.


Пакуль немцы толькі асвойваюць нёманскія віры, менскае выдавецтва «Рыфтур» ужо здзейсніла сваё воднае падарожжа па Нёмане і нават выдала фотасправаздачу.

Беларуска-літоўскі экіпаж на лодках з ветразямі прайшоў па Нёмане ад сядзібы Навасёлкі ў Мастоўскіv раёне да літоўскіх Друскенікаў, здымаючы сваю вандроўку на фотаплёнку. Маляўнічыя краявіды Горадні, Свяцку і Друскенікаў на старонках альбому чаргуюцца са здымкамі стракатых народных фэстаў і нават з «выпадкова завіталым» павесяліць вяслярную грамаду бардам Віктарам Шалкевічам. У альбоме хіба крыху бракуе тэксту, але на то яна і фотасправаздача. Арганізатар праекту «Вялікі Нёман/Didisis Nemunas», чалавек з самым рэкаходным прозвішчам у галіне кнігавыдавецтва, Сяргей Плыткевіч, кажа: «Такія праекты, як «Вялікі Нёман» — ідэальная сітуацыя для краязнаўцы: праект дазваляе займацца ўлюбёнай справай- вывучэннем сваёй краіны, і ўвадначассе працаваць, атрымліваць грошы. Падчас воднага падарожжа мы шмат чаго дазналіся пра суседнюю краіну і пра сваю ўласную, і ў дадатак зрабілі, як на мяне, неблагі фотаальбом».

Лявон К.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0