Сёння Франака Вячорку даставілі ў мінскі вайсковы шпіталь, дзе мелі вырашыць – пакідаць яго ў сталіцы, ці адвезці у адзін з рэгіянальных шпіталёў. Пра гэта Франак паведаміў па тэлефоне.

Ён патлумачыў, што пасля выканання фізічных практыкаванняў у яго ўзняўся ціск і ўзніклі праблемы з сэрцам.
У паліклініцы Рэспубліканскага вайсковага шпіталю ён прадэманстраваў вынікі незалежнага абследавання, праведзенага незадоўга да прызыву ў войска.

«Тыя вынікі значна адрозніваліся ад афіцыйнага ваенкаматаўскага абследавання — з яго вынікала, што справы з сэрцам ў мяне куды сур’зней». Але тыя паперы пакінулі без увагі. Франаку заявілі, што гэты дакумент не мае юрыдычнай сілы і што трэба прайсці абследаванне ў вайсковым шпіталі. У Рэспубліканскі вайсковы шпіталь Вячорку не паклалі, патлумачыўшы, што для гэтага яму трэба адслужыць тры месяцы, нібы толькі пасля гэтага ён трапляе пад поўную юрысдыкцыю вайсковых медыкаў. А дагэтуль яго могуць пакласці ў адзін з рэгіянальных вайсковых шпіталёў. У які канкрэтна – вызначыцца цягам некалькіх дзён. Франак распавёў, што ў паліклініцы сустрэў Змітра Хведарука, яму таксама паведамілі пра адтэрміноўку лячэння ў РВШ. «Гэта можа сведчыць пра тое, што ўлады пакуль не гатовыя ўзяцца за сур’ёзную ацэнку нашага здароўя, прызнаць свае памылкі і камісаваць непрыдатных для вайсковай службы людзей» – заявіў Ф. Вячорка.

Нагадаем, што 16 ліпеня 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Мінска прызнала Ф.Вячорку непрыдатным да ваеннай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумненне і накіравала маладога чалавека на абследаванне ў вайсковы шпіталь, дзе яму далі адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 г. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Мінска прызнаў Вячорку прыдатным да службы ў войску, а суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджана рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў гэтае рашэнне ў сіле.

7 лютага Франак прыняў прысягу ў 8-й радыётэхнічнай брыгадзе ў Баранавічах.

Адсюль яго накіравалі ў Мазыр у в/ч № 48694 супрацьпаветранай абароны.

***

Напісаць Франаку Вячорку можна па адрасе: 247760 Мазыр, вул. Астроўскага, 168 в/ч № 48694.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?