Жыхар Пружанаў звярнуўся ў міліцыю з заявай пра знікненне аўтамабіля 2008 года выпуску. Як паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама, мужчына пакінуў «Фальксваген» у двары дома, дзе пражывае яго брат. Увечары аўтамашына знікла з дваровай стаянкі.

Міліцыянты выявілі, што да брата аўтаўладальніка прыйшлі госці — тры раней судзімыя жыхары Пружанаў. Падчас вечарынкі гаспадар дома заснуў. Тады адзін з гасцей узяў ключы ад чужой машыны, і ўся тройца паехала ў суседнюю вёску. 

Аднак менавіта ў гэтай вёсцы нарадзіўся ўладальнік машыны. Яго землякі пабачылі знаёмае аўто з невядомым шафёрам і затэлефанавалі гаспадару.

Гаспадар «Фальксвагена» злавіў таксоўку і паехаў на пошукі свайго аўто. Яму ўдалося не толькі знайсці машыну, але і нейкі час яе пераследваць. 

Праўда, затрымаў угоншчыкаў усё ж такі экіпаж ДАІ. Пры гэтым адзін з угоншчыкаў спаў. 

На 35-гадовага кіроўцу склалі пратакол за кіраванне без правоў у п'яным выглядзе. Акрамя гэтага, на яго пачалі крымінальную справу за ўгон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0