Лідэр Маладога Фронту пра пабудову Беларускае атамнае электрастанцыі.

Я ўжо агучваў сваю пазыцыю адносна будаўніцтва АЭС і яна выклікала даволі шумную рэакцыю. Паўтару яшчэ раз,

я зьяўляюся прыхільнікам будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Беларусі, бо гэта адпавядае стратэгічным інтарэсам нашай краіны.

Многія дэмакраты, на жаль, займаюцца папулізмам адмаўляючы ўсё тое, што прапаноўвае Лукашэнка. Хаця, канешне, ёсьць і ідэйныя, што называецца, праціўнікі пабудовы АЭС. Аднак большасьць займаюцца проста крытыканствам.

Калі Лукашэнка не прадаваў заводаў, яны крычалі: «Дыктатар, давай прадаваць, няхай ідзе капітал!». Калі ён пачаў прадаваць, яны крычаць: «Дыктатар, не прадавай нашыя заводы!»

Таму мы ў сваіх ацэнках ініцыятываў улады павінны сыходзіць з інтарэсаў Беларусі, а не піяру і ўласных, кароткатэрміновых інтарэсаў. Калі Лукашэнка гаворыць, што не аддасьць бюджэтнаўтваральных прадпрыемстваў Беларусі, бо гэта эканамічнайя незалежнасьць, а на ёй трымаецца незалежнасьць і палітычная, я яго падтрымоўваю. І калі ён гаворыць аб тым, што нам ня выжыць без АЭС, я зь ім таксама згодны. І гэта даўно даказана навукоўцамі.

Колькі б мы ні распрацоўвалі альтэрнатыўныя віды электрычнасьці, мы імі не пакрыем усіх патрэбаў Беларусі.

Адзін з асноўных лёзунгаў праціўнікаў пабудовы АЭС – маўляў, выбухне, і ўсім гамон. Аднак гэты аргумэнт быў бы слушны толькі ў тым выпадку, каб мы жылі на высьпе. Аднак Беларусь атачаюць краіны, якія маюць і будуюць АЭС. У Расеі дык увогуле ў стратэгічным пляне разьвіцьця краіны – пабудова аднаго рэактару штогод! І гэта Расея, зь яе запасамі нафты, газу і іншых выкапняў!

Адзінае, што напружвае мяне, гэта ўдзел у пабудове АЭС Расеі. Каб тое ня сталася яшчэ большаю залежнасьцю, ад якое мы так хочам адарвацца. Аднак гэта пытаньне ўжо не да таго «ці будаваць?», а таго, «як будаваць?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?