Чаго не ставала Старажытнаму Рыму, дык гэта плязмавых тэлеэкранаў. Наколькі прасьцей было б забаўляць насельніцтва імпэрыі, каб з Калізэю можна было весьці жывыя трансьляцыі на плошчах! Сучасны глядач таксама патрабуе хлеба і відовішчаў. Праўда, цяпер густы крыху іншыя: на арэнах замест глядыятараў забіваюць галы, а хлеб павінен, прынамсі, давацца ў камплекце з кілбаскай ды гарчыцай.

Натуральна, ня ўсе здолелі патрапіць на трыбуны мюнхэнскага стадыёну «Allianz-Arena» на адкрыцьцё чэмпіянату. Квіткі на самыя цікавыя матчы даўно спрададзеныя. Ёсьць, праўда, і выключэньні. Скажам, безь вялікіх праблемаў можна патрапіць на матч Іран–Ангола. Мала хто хоча глядзець на двубой аўтсайдэраў чэмпіянату, тым больш што паводле чутак нэанацысты зьбіраюцца выкарыстаць гульню як нагоду для грандыёзнай бойкі ў гонар іранскага прэзыдэнта-антысэміта Махмуда Ахмадынэджада, ня кажучы пра тое, што на полі будуць чарнаскурыя ангольцы...

Так ці іначай, на мюнхэнскім стадыёне бавіла час шчасьлівая меншасьць заўзятараў, а большасьць засталася дома перад тэлевізарам. Іншыя пацягнуліся ў спорт-бары, каб глядзець матч паміж зборнымі Нямеччыны і Коста-Рыкі па вялікім экране за куфлем піва разам зь сябрамі. Але ёсьць і такія – і іх па ўсёй краіне сотні тысячаў – хто, нават не здабыўшы квітка, не жадае сядзець у чатырох сьценах, а зьбіраецца на цэнтральных пляцах буйных нямецкіх гарадоў, каб глынуць паветра вялікага футболу.

Ля плошчы

Галоўны ляйпцыскі вакзал разрываецца ад сьвісткоў ды гудкоў – заўзятары ствараюць такі гармідар, што здаецца, нібыта замест электрычак па чыгунцы зноў езьдзяць паравозы. Людзі сьцякаюцца да плошчы Аўгустуспляц, на якой усталяваныя два вялізныя экраны, кожны памерам 60 квадратных мэтраў. На падыходах да плошчы ўсё часьцей трапляюцца паліцэйскія «бобікі» ды аазісы біятуалетаў, да якіх ужо цяпер цягнуцца чэргі.

Немцы, дагэтуль не заўважаныя ў вялікім піетэце да сучаснага чорна-чырвона-жоўтага сьцягу, нарэшце павыцягвалі свае трыкалёры. Нават купка маладых расейскамоўных «руссэндойчэ», якія таксама ідуць у бок тэлеэкранаў, абматалася нямецкімі сьцягамі. А якісьці дасьціпнік увогуле нацягнуў на плечы сьцяг ГДР.

«Выдатнае месца, каб выбіраць жонку – прынамсі, яна гарантавана будзе любіць футбол», – кажа па-ангельску бялявы аўстраліец, якога навакольныя памылкова прымаюць за бразыльца з-за жоўтай зь зялёным футболкі. «А калі яна любіць не футбол, а футбалістаў?» – пытаецца ягоны сябра. «Ну, я ж таксама сябе футбалістам лічу», – рагоча той у адказ. Жанчын і сапраўды шмат – бадай палова на палову з мужчынамі. Сюды вядуць нават малых дзяцей – яны блытаюцца пад нагамі, трушчаць марозіва ці сядзяць на шыях у бацькоў, круцячы вушастымі галовамі. Цісканіна мацнее. Ля піўных кіёскаў фанаты лезуць без чаргі, каб разжыцца да непрыстойнасьці вадзяністым півам у плястыкавых шклянках.

На падыходзе да плошчы з экранам усталяваны турнікет. Ахоўнікі, гуляючыся татуяванымі цягліцамі, «раззбройваюць» заўзятараў. Побач на зямлі расьце гара сканфіскаваных бутэлек, баначак-дэзадарантаў і лякераў-спрэяў, а таксама дрэўкаў для сьцягоў. Празь нейкі час турнікеты перакрываюць – плошча перапоўненая. Зьверху, з балькона, на яе паглядаюць фанаты з грашыма, прысёрбваючы вінцо ды хаваючыся ў цяньку парасонаў.

Паліткарэктнае адкрыцьцё

Трансьляцыя, нарэшце, пачынаецца. На волю выпускаюць тры белыя галубы, а разам зь імі цэлую хмару блакітных балёнікаў. Словаў вядучых, якія паралельна выступаюць на сцэне побач з экранам, разабраць амаль не магчыма з-за гармідару. Нарэшце выходзіць бялявая сьпявачка і вітае грамаду: «Шалом!» А потым зацягвае папуры з гімнаў – пачынае марсэльезай, потым, прасьпяваўшы два радкі, пераходзіць на «шчэ нэ вмерла Украіна». Перабраўшы так мо з тузін адрыўкаў, яна ненавязьліва заканчвае сьпеў гімнам Нямеччыны.

Гімны зноў гучаць перад пачаткам гульні. Костарыканцы сьпяваюць старанна, немцы – больш стрымана, а людзі на плошчы гімн увогуле сьпяваюць церазь пень-калоду, шапак не здымаюць, рук на сэрца не кладуць. Праўда, потым заўзятары нападпітку зацягнуць «Deutschland, Deutschland ьber alles» («Нямеччына, Нямеччына па-над усім» – першую страфу, якую ў афіцыйным варыянце ніколі не сьпяваюць), зробяць невялікую паўзу, каб пацешыцца скіраванымі на іх незразумелымі позіркамі, а потым дасьпяваюць: «ьber alles in der FuЯballwelt!» («па-над усім у футбольным сьвеце»).

На трэцяй хвіліне немцы адкрываюць лік. Бура радасьці, паўсюль лунаюць сьцягі. Тое, чаго нельга адчуць у хаце ля тэлевізара – дык гэта гуку трыбунаў. «Дойч-лянд! Хлоп-хлоп-хлоп!» – пляскаюць заўзятары ў ладкі. Ці так: «Дойч-лянд! Ту-ру-ру!» – гэта гудзяць у трубы. «А-а-а!» – замірае плошча ў чаканьні ўдару. Брамнік злавіў мяч – у адказ расчараванае «Н-н-н!». І аплядысмэнты. «О-о-о!» – павольна, нібыта ўгору, узьбіраецца гук: б’юць кутні. У паветра ўздымаюцца тысячы рук з трымцячымі пальцамі. «О-о-о!» – скатваецца гук з горкі: няўдала дасланы кутні праляцеў міма. Кароткае «А!» – чарговы ўдар па варотах. Занадта высока. «У-у-у-ох!» – мяч ляціць за межы поля, на радасьць мюнхэнскім заўзятарам і на зайздрасьць ляйпцыскім тэлегледачам. Дыктар моршчыцца, паглядаючы цераз плячо на тое, як костарыканцы зраўнялі лік 1:1. Апэратар, здаецца, кінуў камэру і заварожана глядзіць на экран.

У паўзах гледачоў забаўляюць дзяўчаты з групы падтрымкі, што гоцаюць на сцэне ў кароткіх спаднічках. Вядучыя шпурляюць падарункі ў натоўп. З экрану ўсьміхаецца рэклямны Пэле. Па-над плошчай, нахіліўшы крыло, нізка-нізка пралятае авіяляйнэр (натуральна, сіняхвостая «Люфтганза») ды хаваецца за рэкляму фірмы «Бош» на суседнім будынку.

Нарэшце гучыць фінальны сьвісток. 4:2 – перамога гаспадароў поля. Немцы гучна радуюцца перамозе і адразу пачынаюць сьцякацца ў бок турнікетаў: чым раней да іх дабярэсься, тым меней давядзецца стаяць у чарзе да выхаду.

І толькі заблукалы балёнік завісае перад экранам, нібыта не разумеючы, што адбываецца ўнізе. Стомленыя, нібыта самі толькі што гулялі ў футбол, заўзятары распаўзаюцца па Ляйпцыгу – гуляць па вуліцах, не зважаючы на транспарт, расхістваць цягнікі, сьвісьцець ды абдымацца. «Бэрлін! Бэрлін! Мы едзем у Бэрлін!» – выгукваюць яны лёзунг, спадзеючыся на хуткі выхад сваёй каманды ў фінал. Ляйпцыская опэра пакрыўджана ўзвышаецца над рознакаляровым мурашнікам – сёньня яе парадны фасад выконваў функцыю дэкарацыяў да футбольнага спэктаклю.

Ляйпцыг

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0