Хаўер Салана задаволены вынікамі дзвюхгадзіннай сустрэчы з Лукашэнкам і абеду тэт-а-тэт з міністрам Мартынавым. Пры канцы візіту ён правёў даўжэйшую сустрэчу з карэспандэнтамі недзяржаўных СМІ, у тым ліку НН.Па абедзе прадстаўнік Еўрасаюзу па пытаннях супольнай замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Хаўер Салана мусіў даць прэс‑канферэнцыю ў будынку МЗС. Еўрачыноўнік у кампаніі з міністрам Мартынавым прыехалі больш чым з паўгадзінным спазненнем — доўга абедалі.
Спачатку рэй узяў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства: «Мы абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім Саюзам, пытанні перспектываў і будучыні стасункаў. Тое, што абодва бакі імкнуцца зрабіць для паляпшэння гэтых стасункаў. А таксама пытанні адносін у рамках Усходняга партнёрства. Мы лічым сённяшнюю сустрэчу важнай і выніковай, і працягнем супрацоўніцтва»
Потым слова было за замежным госцем: «Гэта мой першы візіт у Мінск. У мяне была вельмі доўгая сустрэча з Лукашэнкам, а таксама вельмі добрая з спадаром Мартынавым. Раніцай я бачыўся з прадстаўнікамі апазіцыі. Дзень быў вельмі прадуктыўны і канструктыўны. Я хацеў бы выказаць спадзяванне, што адносіны паміж Беларуссю і ЕС будуць развівацца і ў будучыні. Гэта важна і для нас, і для вас.
Як вы ведаеце ў 2009 годзе мы збіраемся здзейсніць праграму Ўсходняга партнёрства. І, безумоўна, што ў структуры гэта партнёрства Беларусі ёсць асаблівае месца. Я вельмі задаволены магчымасцю прыехаць у Беларусь. Думаю гэта пачатак глыбейшых адносін паміж вашай краінай і ЕС».
Пасля гэта Салана і Мартынаў па‑сяброўску паляпалі адзін аднаго па спіне. Часу заставалася толькі на два пытанні, бо іспанец спяшаўся на новую сустрэчу. Арганізатары прэс‑канферэнцыі аддалі права іх задаць агенцтвам АР і БЕЛТА.
Спачатку было зададзенае пытанне пра ўмовы з якімі прыехаў у Беларусь еўрачыноўнік.
«Я не прыехаў сюды з нейкімі ўмовамі. Еўрасаюз умее выбудоўваць адносіны з іншымі краінамі без умоваў.Наша сустрэча была вельмі канструктыўнай і дружалюбнай. Я хацеў бы выказаць спадзяванне, што гэты працэс дыялогу будзе працягвацца. У ліку прыярытэтаў ЕС праца над праграмай Усходняга партнёрства. З майго меркавання, вашай краіне ёсць месца ў гэтай праграме», — сказаў Х.Салана.
Мартынаў жа выказаўся наконт магчымых сфераў супрацоўніцтва Беларусі і ЕС: «Мы неаднаразова гаварылі, што сама геаграфія вызначае ролю Беларусі ў стасунках з ЕС. Гэта ўзаемадзеянне ў сферах эканомікі, энергетыкі, транзіту, барацьбы з новымі выклікамі, аж да экалогіі».
Пасля гэтага Салана з сваёй зусім маленькай світай - усяго чалавек шэсць - пераехалі з будынку МЗС у гатэль «Краўн Плаза», дзе адбылася паўгадзінная сустрэча з карэспандэнтамі агенцтва БелаПАН, «Камсамолкі», «Народнай волі», радыё «Свабода» і «НН».
Якое ўражанне ад Аляксандра Лукашэнкі? - найперш спыталася яго Святлана Калінкіна, шэф-рэдактарка «Народнай волі».
Гэта першы раз. Доўгая сустрэча - дзве гадзіны доўжылася, вельмі канструктыўная. Я задаволены вынікамі, адказваў Салана.
Думаю, Беларусь хоча далучыцца да Ўсходняга партнёрства, і ўсё гатова да таго.Увогуле, адбыўся вельмі закончаны візіт. Першы візіт у Беларусь, і гэта істотна. Рашэнне прыехаць і гаварыць адкрыта з прэзідэнтам было вельмі ўдалае.
Чаму Вы прыехалі менавіта цяпер? - дапытваліся журналісты.
Бо 2009 год - год прыярытэту Ўсходняга партнёрства, шчыра глядзеў нам у твар Салана. Усе хацелі шырэйшых адносінаў між ЕС і Беларуссю. Гэта працэс, які, я спадзяюся, рухаецца ў правільным кірунку.
Я задаволены тым, што працэс ёсць.
Ці будзе наступным крокам візіт Лукашэнкі ў Прагу?
Гэта вырашаю не я, а чэскае старшынство, унікнуў адказу ён. Адносіны з краінамі ЕС развіваюцца, і дынаміка канструктыўная. Працэс ідзе, каб рашаць такія праблемы.
А як жа новыя праблемы з правамі чалавека, разгон 14 лютага, Аўтуховіч? - падкалупнулі журналісты.
Усё, што трэ было сказаць, я сказаў, запэўніў Салана. Усё, што трэ было крытыкаваць, я крытыкаваў. Вынік пасля ўсяго гэтага канструктыўны.
Наша нясмелая - цяжкі ўплыў дыктатуры - брація не наважылася запытацца ў лоб: няўжо ж Аўтуховіча так хутка адпусцяць? Замест гэтага мы ўдакладнілі: і якія ж менавіта цяжкія праблемы абмяркоўвалі?
Не хачу раскрываць прыватных дэталяў, адказаў дыпламат. Не магу сказаць іншага, акрамя: гэта быў канструктыўны візіт, і важнай будзе сустрэча, што адбудзецца ў сакавіку. Будзем зважаць на парадак дня, у тым ліку правы чалавека.
Нічога - пад сталом, усе пытанні - на стале.
Ці можа сабе спадар Салана ўявіць Беларусь краінай ЕС?
Ніхто пра тое не гаварыў сёння, гаварылі выключна пра Ўсходняе партнёрства. За межы гэтай тэмы не выходзілі, мовіў Салана.
Чым тлумачыце паварот у стаўленні Беларусі да ЕС?
Не мая справа тлумачыць, заіскрыліся вочы дыпламата, ад куточкаў якіх разбягаюцца дзясяткі дробненькіх зморшчынак. Я проста задаволены, бо аказалася, што няма нічога несумяшчальнага. Можна адначасова глядзець і на ўсход, і на захад. Гэта не тая гульня, у якой, калі адзін выйграе, другі канечне прайграе. Усе могуць выйграць.
Лукашэнка адзначыў учора ў Магілёве, на малаказаводзе, што не пацерпіць ніякіх пасярэднікаў у дыялогу ЕС-Беларусь, маючы на ўвазе апазіцыю. Што Вы пра тое думаеце? - запытаўся карэспандэнт НН.
А я па-іншаму інтэрпрэтую гэтыя словы, як і тое, што ён сказаў сёння па выніках сустрэчы, усміхнуўся нам у вочы сваёй лагоднай, як міжземнаморскі ветрык, усмешкай вярхоўны дыпламат ЕС. Мы хочам прамых адносінаў на міжнародным узроўні.Я задаволены, што беларускі бок хоча так гаварыць.