21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. Уведзены па ініцыятыве ЮНЕСКА, ён святкуецца штогод у кожнай краіне свету. Асаблівую ўвагу яму надзяляюць у краінах, дзе існуе моўнае нераўнапраўе.

Зразумела, што ў Беларусі амаль бессэнсоўна чакаць нейкіх пераменаў і ініцыятыў з боку дзяржавы ў такі дзень. Тым не менш, на дзіва, прысвечаны падзеі круглы стол у прэс‑цэнтры Дома прэсы не аказаўся маналогам чыноўнікаў наконт колькасці паспяхова зладжаных дзяржаўных мерапрыемстваў.

Агульная інтанацыя выступленняў – маўляў, «мы стараемся і ў нас усё больш‑менш добра. Не трэба рабіць рэзкіх рухаў». Напрыклад, дарадца Міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадскасцю

Віктар Іўчанкаў заявіў, што кіраўніка, які аб’явіць прымусовую беларусізацыю, на наступны ж дзень «вынясуць з любога пакоя.
Такое ўжо было. Наша грамадства яго вынесла і цяпер ён у глыбокай‑глыбокай апазіцыі».

Яму апаніраваў сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. У сваім выступленні доктар тэхнічных навук заявіў: «Калі мова гіне, то гіне і нацыя. Народ губляе сваю мову, ён ператвараецца ў гістарычнае смецце. Ідзе страшнейшы націск з боку расійскага тэлебачання і расійскіх ідэолагаў. Першае, што трэба рабіць – адмяніць ганебны закон аб дзвюх мовах. Маскіраваліся, што ўсё будзе ў парадку, будзе і тая мова ўжывацца, і тая, а што атрымалася? Па сутнасці, калі чыноўнік не ведае, як адной, так і другой мовы, ён не мае права займаць пасаду. Яго гнаць трэба! Гэта элементарная логіка».

Прывёўшы ў прыклад суседнюю Украіну, навуковец прапанаваў перавесці тэлебачанне на беларускую мову.

Таксама ў прапановах Міхася Міцкевіча - павялічэнне колькасці беларускіх школ і класаў ды перайменаванне вуліц.

Агульныя ж высновы круглага стала звяліся да ўхвалення існавання беларускамоўнага інтэрнэту і згоды ўдзельнікаў наконт неабходнасці пашырэння ўжытку беларускай мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?