Беларусь разам з Грузіяй і Ўкраінай можа зрабіцца адным з ключавых партнёраў Захаду на постсавецкай прасторы, і выглядае, што дзеля гэтага Еўропа вырашыла не чакаць змены ўлады ў Мінску.
Калі гэты працэс пойдзе без збояў, то Расія можа не прычакаць прызнання Беларуссю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, піша выданне. «Коммерсант» адзначае, што гэты тыдзень стаў рэкордным для беларускіх уладаў па колькасці добрых навінаў з Еўропы. Кульмінацыяй стаў візіт прадстаўніка Еўрасаюзу па пытаннях супольнай замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Хаўера Саланы. «Свой візіт ён назваў пачаткам «больш глыбокіх і цесных адносінаў паміж ЕС і Беларуссю», якая з’яўляецца важнай краінай для Еўрасаюза» — адзначае газета.

«Ъ» заўважыў, што Салана хоць і сустракаўся з прадстаўнікамі апазіцыі і праваабарончых арганізацый, усё ж на выніковай прэс-канференцыі не агучыў умоваў, на якіх ён збіраецца збліжацца з Мінскам ды не пракаментаваў пытанні свабоды СМІ і сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Газета робіць экскурс у найноўшую гісторыю дачыненняў Еўропы і Беларусі — ад вызвалення палітвязняў да візіту кіраўніка беларускага МЗС у Брусэль.

Выпады на адрас апазіцыі, якую Лукашэнка катэгарычна адмаўляецца бачыць у якасці пасярэднікаў у дыялогу з Захадам, могуць і не заўважыць у ЕС ды ЗША, адзначае «Коммерсант». Бо іх куды больш цікавіць пытанне прызнання Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

***

Іншыя буйныя СМІ Расіі таксама не абмінулі ўвагай візіт Саланы ў Беларусь. «Еўропа купіць Беларусь?», піша сёння «Независимая газета». «Еўрасаюз абяцае Беларусі партнёрства без дэмакратызацыі», паведамляе «Время новостей» ў артыкуле «Солана хлябаўшы». Газета.ru фамільярна называе Лукашэнку Бацькам у артыкуле «Хлеб ды Салана».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?