У выніку катастрофы Ан-12, што здарылася сёння раніцай у Луксоры на поўдні Егіпта, загінулі ўсе пяць членаў экіпажу – двое грамадзян Украіны, двое беларусаў і адзін расіянін,паведамляе газета.ру са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскім пасольстве ў Каіры.
МЗС Украіны паведамляе, што загінулі чацвёра беларусаў.
Самалёт, што належаў паўднёваафрыканскай кампаніі «Аэраліфт», ляцеў з Уганды на Ўкраіну (у горад Нікалаеў). З невядомых прычын ён здзейсніў пасадку ў Луксоры. Пасля дазапраўкі, ён зноў узяў курс на пункт прызначэння, аднак пры ўзлёце машына рухнула на зямлю за 600 м ад ўзлётнай паласы і загарэлася.
Мяркуецца, што у Ан-12 адбылася ўцечка паліва. Тэхслужбы аэрапорту ў Луксоры рэкамендавалі пілотам не ляцець, пакуль не будуць ліквідаваныя няспраўнасці, але камандзір самалёту прыняў рашэнне ляцець на свой страх і рызыку.
Першы самалёт Ан-12 быў выпушчаны ў 1957 г. За 50 гадоў былі выпушчаныя 1400 такіх машын, з іх 180 машын былі страчаныя ў выніку аварый ці катастрофаў.