Вестка пра блізкія перамены ў структуры Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Вільні выклікала шырокі рэзананс. Збольшага водгукі насілі негатыўны характар, паколькі рэфармаванне ўспрынялася як шлях да знішчэння універсітэта як беларускай установы, растварэння яго ў наплыве іншаземных студэнтаў.

Ці мае пад сабой грунт гэтая занепакоенасць і ў чым усё ж сутнасць запланаваных зменаў?

Справа ў грошах

Ад часу пераезду ў Літву ўніверсітэт існаваў на сродкі заходніх донараў. Увядзенне платнага навучання не забяспечыла эканамічнай самадастатковасці, і 60% сродкаў ЕГУ атрымліваў ад замежных субсідый. Такую высокую ступень залежнасці ад ахвяраванняў маюць няшмат універсітэтаў у свеце, а

па наступленні сусветнага эканамічнага крызісу перамены ў ЕГУ сталі жыццёвай неабходнасцю.

Ва ўмовах, калі заходнія дзяржавы не маюць сродкаў да фундавання ўласных устаноў (у Ісландыі, напрыклад, дзейнасць некаторых універсітэтаў зараз прыпыненая за недахопам фінансаў), прэтэнзія на падтрымку «чужога» ЕГУ тым больш не мае надзеі. У сувязі з рызыкай знікнення кіруючая рада прыйшла да высновы, што універсітэту патрабуюцца змены ва ўнутранай структуры кадраў і праграм, а таксама ў стратэгіі набору студэнтаў.

Алесь Смалянчук, кіраўнік праграмы «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія» мяркуе, што ва ўмовах крызісу і канкурэнцыі ЕГУ павінны стаць менш залежным ад фінансавання звонку: «Пэўная трансфармацыя універсітэту непазбежная. Пры гэтым абмеркаванні, якія сёння адбываюцца ва універсітэце, паказваюць, што разуменне важнасці беларускасці ёсць. Абвешчаны намер стаць рэгіянальным цэнтрам адукацыі і навукі зусім не азначае, што універсітэт перастае быць беларускім. Наадварот, беларускасць мае шанец праявіць сябе ва ўсходнееўрапейскім кантэксце».

Не растварыцца, а ўзмацніць Беларусь

Кіраўніцтва універсітэта не ацэньвае гэты крок як выключна негатыўны. Мэта – не проста выжыць, а стварыць акадэмічнага лідэра, які будзе дзейнічаць ад імя Беларусі. «ЕГУ быў і застаецца універсітэтам для Беларусі, — кажа рэктар Анатоль Міхайлаў, — беларускія студэнты, беларускія праграмы будуць мець падтрымку. У Кэмбрыджы навучаюцца студэнты з Японіі, Кітаю і г.д. Хіба ад гэтага ён стаў менш брытанскім? Вялікая ілюзія меркаваць, што ўвесь свет толькі і думае, як дапамагчы ЕГУ. Нам трэба станавіцца моцнымі ў рэгіёне і на міжнародным узроўні. Ніхто ў Беларусі пакуль не стаў лепшы за нас, і мы імкнемся вывесці Беларусь на вышэйшы ўзровень. Паглядзіце: вось мапа ста універсітэцкіх гарадоў‑лідэраў. На ўсход ад Прагі і аж да Масквы – пуста. А гэта ўся Польшча, Беларусь, Украіна.

Ёсць універсітэты ў Баранавічах, Пінску. Ці можам параўноваць іх з Прынстанам ці Сарбонай?
Гэта як у спорце: можна быць чэмпіёнам у сваім раёне, ігнаруючы пры гэтым чэмпіянаты Еўропы ці Алімпійскія гульні. Чаму адносна ўніверсітэтаў унутры дзяржавы не ўзнікае такога абурэння абыякавасцю да беларускай мовы ці беларускіх даследаванняў? Бо ў параўнанні з імі мы далёка наперадзе».

Пад забаронай ці пад абаронай?

Вопыт чатырох набораў выяўляе нізкую цікаўнасць сярод жыхароў Беларусі да вывучэння гісторыі Беларусі. Нават пры захаванні пэўных фінансавых прывілеяў жадаючых вывучаць родную гісторыю было мала. Спадар Міхайлаў здзіўляецца: «Калі мы бачым, што недастаткова абітурыентаў на беларусістыку, дзе тыя, хто крытыкуе, якія маглі дапамагчы папулярызацыяй праграмы, стварыць конкурс? Вельмі важна не толькі выказваць прэтэнзіі, але і паспрыяць справе».

Нізкая цікавасць да беларусістыкі – гэта не віна ЕГУ, які імкнецца развіць даследаванні па Беларусі і вынесці іх на еўрапейскі і міжнародны ўзроўні. «Жаданне супрацоўнічаць з Беларуссю ў Еўропе ёсць, асабліва ў рэгіёне. Літоўцы зацікаўленыя ў сумесных даследаваннях, хаця бы па пытаннях гісторыі Вялікага Княства Літоўскага», – сцвярджае прарэктар Аляксандр Калбаска.

У стратэгічным плане развіцця ўніверсітэту ўказана, што мець нацыянальную ідэнтычнасць – адно з правоў чалавека, і яно ў поўнай меры захаваецца ў ЕГУ як беларускай установе. Нават калі беларускія студыі будуць фінансава нявыгаднымі, яны застануцца ў праграмах.

Спадар рэктар выказаў сумнеў адносна жыццяздольнасці гісторыі Беларусі на завочным аддзяленні, аднак тое ж датычыцца вечна прысутнай у ЕГУ праграмы філасофіі,
якая таксама пад пагрозай скарачэння.

Прыцягненне замежных студэнтаў забяспечыць слабыя праграмы фінансамі, а для беларусаў сфармуецца патрэбная канкурэнцыя, пры якой не давядзецца браць кожнага, хто падае заяву. Што тычыцца беларускіх студыяў ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, то на дадзены момант яны з’яўляюцца аднымі з самых моцных. «Даследчыкі аб’яднаныя ў Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі, — распавядае Алесь Смалянчук, — мы ладзім навуковыя канферэнцыі, рэалізуем выдавецкі і даследчы праекты. Перспектывы гэтага навуковага цэнтру вялікія, але шмат што будзе залежаць ад актыўнасці выкладчыкаў і навукоўцаў. Пакуль што тыя магчымасці, што стварае ЕГУ, выкарыстоўваюцца недастаткова».

Моўныя трансфармацыі

Запланаваныя змены могуць адбіцца на моўнай палітыцы ўніверсітэту. Варта прызнаць, што і дагэтуль беларуская мова не была асноўнай, заняткі па‑беларуску не перавышалі 30% ад агульнай колькасці. Пашырэнне адукацыйных прапаноў за межы краіны патрабуецца ў тым ліку і дзеля таго, каб захоўваць фінансавыя прывілеі па аплаце навучання грамадзянаў Беларусі.

Калі доля расейска‑ ці ангельскамоўных грамадзян павялічыцца, відавочна, што сфера выкарыстання беларускай мовы ў навучальным працэсе можа яшчэ скараціцца.
З іншага боку, нішто не замінае ўжо зараз наладзіць курсы вывучэння беларускай мовы. «Выбар мовы выкладання ў ЕГУ быў і застанецца за выкладчыкам. Яго задача – данесці веды і знайсці паразуменне з аўдыторыяй. Гэта зусім не значыць, што існуе пагроза самому вывучэнню беларусістыкі, яе даследаванням. Мы не губляем сваёй ідэнтычнасці, мы маем шанец паказаць яе іншым. Першапачаткова нас падтрымліваюць праз тое, што мы ‑‑ беларусы», – лічыць А. Калбаска, ‑‑ таму мне незразумелая пазіцыя «замест таго каб варушыцца, давайце сканаем, але па‑беларуску».

Хоць далёка не ўсе выкладчыкі беларускамоўныя, але студэнт ніколі не дыскрымінуецца, калі размаўляе па‑беларуску. Ён мае магчымасць вольна выказвацца, праводзіць навуковыя ці творчыя праекты – было б жаданне. Першасная задача тут – не палітыка, а акадэмія.

Анатоль Міхайлаў заўжды выступаў за развіццё чыстай гуманітарнай навукі, успрымаючы мову як сродак:
«У мяне часта пытаюць: «Чаму не выкладаеце, напрыклад, філасофію па‑беларуску?» Калі ёсць жаданне – я бы стаў, але на чым выкладаць, калі няма перакладзеных на беларускую мову тэкстаў? Гэта мая віна? І другое: ці магу я прызнаваць пераклады, няхай дацэнтаў, дэканаў, але не філосафаў? Гуманітарная сфера – гэта сфера не дакладных навук, гэта сфера мноства сэнсаў, у якіх разбіраюцца выключна адпаведныя спецыялісты. Толькі праз тое, што мы будзем выкладаць філасофію па‑беларуску, якасць не палепшыцца. Шаманства, на якой бы мове ні практыкавалася, не ператворыцца ў медыцыну. Нам трэба стаць прафесіяналамі, інакш мы так і застанемся «баранавіцкім універсітэтам». У наш час беларускасць трэба несці не толькі па‑беларуску, але і па‑ангельску таксама».

Any other ideas?..

Для абмеркавання сітуацыі ў ЕГУ інтэрнэт‑часопіс «Новая Эўропа» склікаў адмысловы круглы стол, на якім былі выказаныя важныя моманты:

Павел Церашковіч, дацэнт, дэкан факультэта мастацтваў і гісторыі культуры ЕГУ:

З майго пункту гледжання, у СМІ быў запушчаны лагічна няправільны тэзіс пра тое, што універсітэт можа быць ці беларускім, ці рэгіянальным. На самой справе, тут аніякай супярэчнасці няма, ён цалкам можа быць і тым, і іншым.

Пры любых умовах праграма «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія» будзе існаваць, нават на некамерцыйнай аснове. Гэта падмурак для захавання беларускага аблічча універсітэта. Я бачу паралелі між ЕГУ і Барселонскім універсітэтам, у якім выкладанне вядзецца і па‑іспанску, і па‑каталонску. Пры гэтым ён носіць ярка выражаны нацыянальны характар, з’яўляецца адным з апірышчаў нацыянальнай ідэнтычнасці.

Уладзімір Фурс, кіраўнік кафедры філасофіі ЕГУ:

«Беларускасць» азначае найперш суаднесенасць з праблемамі і перспектывамі сучаснага беларускага грамадства. ЕГУ – універсітэт, арыентаваны на ўключэнне беларусаў у еўрапейскую адукацыйную і навуковую прастору, такім ён быў і застаецца.

Ёсць зацікаўленасць ва ўзнаўленні дзейнасці ў Беларусі. Аднак механічнае «вяртанне» ўніверсітэту азначала б знішчэнне. Універсітэт, арганізаваны ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі адукацыйнай і даследчай дзейнасці, не можа ўпісацца ў сённяшнюю ізаляцыянісцскую сістэму вышэйшай адукацыі Беларусі, што знаходзіцца пад жорсткім палітыка‑ідэалагічным кантролем дзяржавы.

Альміра Усманава, прафесарка, дэкан факультэта сацыяльных навук ЕГУ:

Паколькі стыпендыяў з кожным годам становіцца ўсё меней, то, мяркую, на іх і надалей будуць прэтэндаваць толькі беларускія студэнты.

Калі нам удасца стаць «рэгіянальным» універсітэтам, то гэта мусіць адбыцца ў першую чаргу дзякуючы навуковым даследаванням, а не праграмам падрыхтоўкі бакалаўраў.

З аднаго боку, у нас ёсць беларускія спецыялісты, з другога боку, ёсць магчымасць далучыцца да інтэлектуальных рэсурсаў Літвы, Германіі, ЗША, Францыі, Расіі. Такая сітуацыя ва ўмовах сучаснай Беларусі проста немагчымая.

Аляксей Братачкін, гісторык, выкладчык БНТУ:

Калі раней ў ЕГУ дамінавала ўсталёўка на адаптацыю заходніх тэорый, то сёння яны сталі пераламляцца праз беларускую рэчаіснасць.

Аляксандр Адамянц, галоўны рэдактар Інтэрнэт‑часопіса «Новая Эўропа»:

Важна, каб ЕГУ заставаўся даступным для беларускіх студэнтаў. Па‑другое, ЕГУ мусіць захоўваць і павялічваць сваю прысутнасць ў беларускай акадэмічнай і медыяпрасторах, пашыраючы іх. Так мы захаваем тое асаблівае значэнне, якое ЕГУ мае для будучых пераўтварэнняў у Беларусі.

P.S. ЕГУ часта крытыкуецца за адсутнасць усяго беларускага. Аднак на самой справе паміж мінскім і віленскім ЕГУ ёсць вялікае адрозненне: арганізацыя сталага і моцнага цэнтру беларусістыкі. Рэктар засмучаны тым, што пры пастаянным наплыве прэтэнзіяў не паступае адчувальнай дапамогі: «Я часам знаходжуся ў стане адчаю. Што б мы ні рабілі, нам кажуць «не, зноў не так». А за гэтым жа стаіць падключэнне вялізных рэсурсаў. Замест таго, каб супрацоўнічаць, пачынаецца барацьба, нейтралізацыя адно аднога. Напэўна, мы гэтага заслугоўваем. Трэба паглядзецца ў люстэрка і прызнацца самім сабе, што адбываецца ў нас у доме, у Беларусі. Сілы раздзеленыя, Лукашэнка правіць баль. У гэтым трагедыя, да якой мы маем дачыненне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?