Дэпутат літоўскага Сойму лічыць, што Літва не мусіць стрымгалоў кідацца выконваць курс некаторых установаў ЕЗ па «станоўчай ацэнцы дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі».

Дэпутат літоўскага Сойму Эмануэліс Зінгерыс лічыць, што стварэнне Расіяй і Беларуссю адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) сведчыць пра агрэсіўнасць ваеннага альянсу, які ў хуткім часе стане суседам Літвы. Разам з тым парламентар заклікаў літоўскіх прадпрымальнікаў адмовіцца ад пагоні за лёгкім прыбыткам і інвеставаць не ў Беларусь, а ў заходнееўрапейскія рынкі.

Такія заяўленні Э. Зінгерыс зрабіў у пятніцу, калі парламенцкі Камітэт па замежных справах (КЗС) абмяркоўваў адносіны з Беларуссю. У гэтым пасяджэнні ўдзельнічаў не толькі міністр замежных спраў Вігаўдас Ушацкас, але і кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі Повілас Малакаўскас, загадчык Другога аддзелу аператыўных службаў пры Міністэрстве абароны Юозас Качэргюс.

Старшыня КЗС кансерватар Аўдронюс Ажубаліс на пытанне, ці выклікае неспакой інфармацыя пра Беларусь, якой валодаюць супрацоўнікі Дэпартамента дзяржбяспекі і аператыўнікі, адказаў: «Не скажу, выклікаюць ці не, але мы хочам аднаго – каб яна заставалася суверэннай, незалежнай дзяржавай, развівалася ў дэмакратычным рэчышчы».

Паводле яго словаў, прадстаўленая інфармацыя прымушае «сур’ёзна і засяроджана канструяваць адносіны з суседам». Хоць вышэй узгаданая дамова – справа Беларусі і Расіі, Літва мае задачай ацаніць сітуацыю і, калі спатрэбіцца, прыняць пэўныя меры.

«Мы ацанілі інтарэсы ў дачыненні да Беларусі. Наш нацыянальны інтарэс – незалежная, стабільная Беларусь, якая функцыянуе па законах свабоднага рынку і кіруецца ў бок зацвяржэння адкрытага дэмакратычнага грамадства», — унікліва паясніў журналістам В. Ушацкас.

П. Малакаўскас у сваю чаргу адзначыў, што Беларусь – вялікі сусед, таму службы бяспекі цікавяцца яе актуальнымі падзеямі. «Усе ўстановы зацікаўленыя ў тым, каб нашыя адносіны з суседзямі былі як мага лепшымі» — сказаў ён.

СПА выпрабуюць увосень

Адзіная рэгіянальная сістэма СПА Беларусі і Расіі будзе насіць выключна абаронны характар і ніяк не пашкодзіць суверэнітэту рэспублікі. Пра гэта заявіў камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сілаў Беларусі генерал‑маёр Ігар Азаронак. У расійскім Міністэрстве абароны паяснілі, што ў склад Адзінай рэгіянальнай СПА плануецца ўключыць пяць авіячасцей, 10 зенітных ракетных часцей, пяць радыётэхнічных і адну воінскую часць радыёэлектроннай барацьбы. І што галоўнае – у гэтай сістэмы будзе адзін галоўнакамандуючы, якога стануць назначаць кіраўнікі дзяржаў.

Э. Зінгерыс гэтыя планы назваў «жалезнай стратэгіяй», «адзінай структурай знешніх межаў і ўнутранай арміі», што кажуць пра поўны альянс Расіі і Беларусі ў сферы ўнутраных спраў, абароны і спецслужбаў: «Гэтая дамова накіраваная вонкі. Яна сведчыць пра агрэсіўны ваенны альянс, які з’явіцца ля нашых межаў. У НАТО няма ніякіх задач у дачыненні ні Расіі, ні Беларусі».

Парламентар бачыць у гэтым знакі таго, што, нягледзячы на ўсе размовы, ніякага «пацяплення» ў палітыцы беларускіх уладаў няма. Свае словы ён пацвердзіў гісторыяй апазіцыйнага дзеяча Вінцука Вячоркі – яго сына затрымалі і адправілі ў войска.

Разам з тым чалец КЗС заклікаў літоўскіх прадпрымальнікаў не спяшацца інвеставаць у рынак Беларусі, каб не пераўтаварыцца ў закладнікаў.

«Я прапаную нашаму бізнэсу арыентавацца на стабільную прастору НАТО і ЕЗ, скандынаўскія і іншыя заходнееўрапейскія краіны. І хоць прыбытак у гэтым выпадку будзе ў разы меншы, але незалежны ад страху, калі дыктатар загадае выконваць пэўныя функцыі», — сказаў Э. Зінгерыс.

Паводле яго словаў, нельга дазволіць сабе «натрапіцца на кручок неверагоднага прыбытку, а затым дрыжаць у сполаху, што гэты прыбытак стане закладнікам у руках Беларусі і Расіі». Палітык лічыць, што Літва не мусіць стрымгалоў кідацца выконваць курс некаторых установаў ЕЗ па «станоўчай ацэнцы дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі». Паводле яго меркавання, прыхільнымі выказваннямі ў адрас Беларусі Літву хочуць пераўтварыць у пасрэдніка між Усходам і Захадам, выразнікам інтарэсаў Расіі і Беларусі ў НАТО і ЕЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?