Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у перапісе насельніцтва. Пра гэта БелТА паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант.

Карэспандэнт пацікавіўся ў прэс-сакратаркі, ці ўзяў Аляксандр Лукашэнка ўдзел у перапісе і якім чынам: сам запаўняў анкету або, магчыма, запланаваў сустрэчу з перапісчыкам.

«Пра важнасць гэтай маштабнай акцыі для далейшага развіцця краіны залішне казаць не трэба. Таму прэзідэнт, безумоўна, не застаўся ад яе ў баку. Удзел у перапісе кіраўнік дзяржавы ўжо ўзяў, яшчэ на мінулым тыдні. Запоўніў перапісныя лісты і перадаў іх у Белстат», — сказала Наталля Эйсмант.

Яна таксама адказала на папулярнае пытанне датычна моўнай часткі. У прыватнасці, на якой мове Лукашэнка запаўняў анкету, і якую пазначыў у графе «родная мова». «Тут усё проста: запаўняў анкету прэзідэнт на рускай мове, у графе «родная мова» (засвоеная першай у раннім дзяцінстве) пазначыў беларускую», — паведаміла прэс-сакратарка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0