Пасьля зьмены наша брыгада стаяла на ўскрайку Алёшчы, чакаючы транспарту дахаты, калі з-за рогу адразу за вахтавым аўтобусам на вялікай хуткасьці ў клубах пылу выруліла пагоня. Усё было, як у кіно. Міліцэйскі легкавік ляцеў наўздагон аранжаваму мікрааўтобусу, чый кіроўца манэўраваў, каб ня даць прыціснуць сябе да ўзбочыны. «Вадзіцель аўтобуса, спыніце рух!!!» – у рупар, на ўсю вёску зараўло зь міліцэйскай машыны. Вахтоўка ад грэху падалей збочыла з трасы. Пагоня пранеслася міма, і хтосьці пракамэнтаваў:

– Значыць, не дамовіліся.

Дамаўляюцца тут звычайна ўначы. Пад вечар машыны са спэцнумарамі ці танаваным шклом становяцца наўзбоч лясных дарог і чакаюць. Калі лес ахутвае цемра й цікаўны люд у навакольных вёсках кладзецца спаць, на дарогах зьяўляюцца фуры з кантрабандай, грузавікі зь «левым» лесам ды крадзеныя легкавікі. Нечакана ў сьвятле фараў узьнікае даішнік з жазлом, спыняе «браткоў», вядзе іх да машыны ў хмызьняк і праз паўгадзінкі, замацаваўшы вынікі размовы моцным мужчынскім поціскам, зычыць ім добрай ночы й шчасьлівай дарогі.

Так і стаіць перад вачыма ролік БТ пра сумленных і ветлівых мытнікаў: «Ацечаству служу!..»

Праца ў начную зьмену, зь якой раз-пораз даводзіцца ісьці дахаты пешшу – цудоўная магчымасьць вывучыць тэхналёгію й расклад сіценскай «чорнай мытні». Спрактыкаваныя вяскоўцы зь першага позірку адрозьніваюць «зялёных» ад супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, а падаткавікоў ад уласна мытнага кантролю. Зрэшты, калі здараецца якаясь «накладка», у Алёшчу ці Сітна прыяжджае цэлая брыгада ў разнамасных формах, часам нават з аўтаматамі ды сабакамі.

Галоўныя прычыны існаваньня сіценкай чорнай мытні – адсутнасьць фактычнай мяжы з Расеяй і адначасова наяўнасьць мяжы эканамічнай ды юрыдычнай. Кардон, на якім штоночы крымінал і мясцовае чынавенства праварочваюць свае цёмныя справы, – гэта простая квартальная прасека, перацятая некалькімі грунтовымі дарогамі. Менск–Піцер, Полацак–Пскоў, Віцебск–Невель – у сіценскіх лясох сыходзяцца многа хлебных абхадных шляхоў. Мала таго, скупка крадзенага мэталу, няўлічанае драўніны, футра, грыбоў ды ягадаў гэтаксама кіруецца праз чорную мытню на Расею: там і рынак большы, і кантролю менш. Пра чыгуначны сьпіртаправод «Максімка», міграцыю зброі, наркотыкаў ды нелегалаў няма і мовы: гэты бізнэс на ўмоўнай расейска-беларускай мяжы аблягчае беларускі бюджэт штогод на мільёны даляраў толькі ў Сітне.

Хто ж трымае Сіценскую чорную мытню? Дастаткова праехаць вакол Полацку, каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне: часам такіх палацаў і пад Менскам ня ўбачыш. Расейскія й тутэйшыя бандыты, адказныя чыноўнікі й «пярэваратні» зь сілавых ведамстваў, авантурысты розных масьцей... Словам, даход ад сіценскай мытні атрымлівае хто заўгодна, апроч беларускай дзяржавы й мясцовага насельніцтва.

А калісьці, 300 гадоў таму, Сітна было афіцыйным мытным пераходам. Шлях з Полацку на Невель і далей – на Вялікія Лукі, Пскоў, Ноўгарад – пільнаваў збудаваны на папялішчы крэпасьці Івана Жахлівага памежны замак. Грошы ішлі ў дзяржаўную казну – і грошы немалыя. Варта прыгадаць: сярод усіх крыніцаў даходу ў бюджэт ВКЛ у XVI ст., прыкладам, берасьцейская мытня займала другое месца. У тагачасным Сітне ўпарадкаваны гасьцінец, умацаваны замак з заежджым дваром (у выпадку чаго гатовы абараніць купцоў ад разбойнікаў), карчма й вясковы кірмаш, царква для падарожных стваралі інфраструктуру, якая толькі заахвочвала сумленных гандляроў – і ставіла заслон несумленным. Зараз у цэнтральнаэўрапейскіх краінах такая транзытная, сэрвісная эканоміка фармуе ад 25 да 60% ВУП. А што маленькае памежнае Сітна дае дзяржаве цяпер?..

Вядома, маючы халяўныя нафту ды газ з Усходу ў абмен на адсутнасьць мяжы, можна й заплюшчыць вочы на свабоду кантрабанды. Але выглядае, што пагроза перакрыцьця трубаў нарэшце прымусіць «гаспадарнікаў» згадаць пра страты ад ценевых мытняў на Віцебшчыне, Магілёўшчыне ды Гомельшчыне.

Насамрэч у незалежнай Беларусі Сітна – натуральны цэнтар дзяржаўнага мытнага кантролю на мяжы з Расеяй. База для памежнае заставы й мабільных брыгадаў службы аховы лесу й МНС. Мытня, duty free, невялікі гатэль, аўтасэрвіс – зь іх добры адсотак (15–20%) застаецца ў муніцыпальным бюджэце і ідзе на добраўпарадкаваньне мяжы, асфальтаваньне дарог, утрыманьне шэрыфа, пабудову кэмпінгаў ды турбазаў...

Дзеля таго, каб усьвядоміць саму сябе й на роўных супрацоўнічаць зь іншымі, любая краіна мусіць сьпярша адасобіцца. Дзяржава, што мае на межах чорныя прорвы, проста дазваляе існаваць дзіркам у галовах сваіх грамадзянаў. Каб «памежны стан» ня стаў станам беларускай сьвядомасьці, а сама Беларусь не ператварылася ў адну кантрабандную зону на сутыку Расеі й Эўразьвязу, чорныя мытні мусяць быць зьнішчаныя адразу пасьля перамогі нацыянальнага абуджэньня.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0