Еўрапарламент у чацвер прыняў рашэнне прысудзіць прэмію Сахарава уйгурскаму навукоўцу Ільхаму Тохці, які быў асуджаны ў Кітаі да пажыццёвага зняволення па абвінавачваннях у сепаратызме, паведамляе Радыё Свабода

Прафесар эканомікі Пекінскага ўніверсітэта неаднаразова крытыкаваў палітыку кітайскіх уладаў у дачыненні да нацыянальных меншасцяў. У 2014 годзе суд ва Урумчы вынес яму прысуд, абвінаваціўшы ў дзейнасці, накіраванай на падрыў дзяржаўнага ладу ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне.

Прэмія Сахарава прысуджаецца за праваабарончую дзейнасць. Спікер Еўрапарламента Давід Сасолі, які аб'явіў, што Тохці стаў яе лаўрэатам, заклікаў Пекін вызваліць навукоўца. Ён адзначыў, што Тохці прытрымліваецца ўмераных поглядаў і заўсёды выступаў за дыялог.

Рашэнне Еўрапарламента амаль напэўна выкліча рэзкую рэакцыю кітайскіх уладаў і можа прывесці да абвастрэння адносін паміж Кітаем і ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0