Сталічныя аператыўнікі выявілі дзве наркалабараторыі: у плантатараў канфіскавана абсталяванне і амаль 1 кг марыхуаны, піша ў тэлеграме прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.
Спачатку забароненую дзейнасць спынілі ў Мінскім раёне. На прысядзібным участку 34-гадовы жыхар сталіцы абсталяваў цяпліцу для вырошчвання канапель. Пры аглядзе былі выяўленыя кусты канапель, прыстасаванні для вырошчвання і фасоўкі наркараслін, камп'ютарна-тэхнічныя сродкі. Таксама на ўчастку і ў доме супрацоўнікі наркакантролю знайшлі і канфіскавалі больш за 370 грамаў марыхуаны.
Пасля гэтага праваахоўнікі выйшлі на след 45-гадовага мінчука, які збудаваў падобную лабараторыю, але ў меншых памерах, у кватэры сваёй бабулі. У памяшканні захоўвалася больш за 30 кустоў канопляў і каля 450 грамаў марыхуаны. Усе зелле разам з абсталяваннем аператыўнікі канфіскавалі.
Абодва «плантатары» затрыманыя. Яны патлумачылі, што рыхтавалі наркотыкі для ўласнага спажывання. Матэрыялы праверкі ў дачыненні да мужчын перададзены ў сталічныя падраздзяленні Следчага камітэта Беларусі для дачы прававой ацэнкі.