Чытайце таксама:

Павел Севярынец: Хадановіч прыцягнуў у ПЭН-Цэнтр агрэсіўных феміністак і гей-лобі, але не пускае хрысціян

Хадановіч пракаментаваў прэтэнзіі пра гей-лобі і «левакоў» у ПЭН-цэнтры

Некалькі сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра, адносінамі з якімі я даражу, патэлефанавалі і напісалі пра сітуацыю, якая склалася ў ПЭНе, паківаўшы мне, што я ўхіляюся ад пісьменніцкіх праблем. Гэта не так, я нават збіраўся быць на з’ездзе ПЭНа, але якраз гэтымі днямі памёр у Стакгольме блізкі мне чалавек…

Не маючы магчымасці прыехаць, я напісаў ліст да старшыні ПЭН-цэнтра і сяброў Рады. Ліст прыватны, але паколькі ніякага адказу на яго я не займеў, пра рашэнне Рады ніхто мне не паведаміў, мяркую, што маю права змясціць гэты прыватны ліст у публічнай прасторы.

ДА РАДЫ БЕЛАРУСКАГА ПЭН-цэнтра

Таццяна,

сябры Рады,

мне, мякка кажучы, няёмка праз тое, што адбываецца вакол беларускага ПЭНа…

Сяргей Шапран напісаў двухтомнае даследванне пра жыццёвы лёс і творчасць заснавальніка беларускага ПЭН-цэнтра Васіля Быкава. Напісаў фактычна безганарарна, затраціўшы на гэта чатыры гады жыцця. Ніхто з вас не зрабіў гэтакага ўнёску ў ПЭН, а вы выключылі яго з ПЭНа за няўплату ўнёскаў.

Глеб Лабадзенка паставіў помнік на магіле сузаснавальніка беларускага ПЭНа, ягонага першага прэзідэнта Рыгора Барадуліна. Паставіў, спаўняючы запавет найпершага сучаснага беларускага паэта. А вы пастанавілі выключыць яго з ПЭНа.

У змаганні за Беларусь, за нацыянальную культуру і беларускую мову Павел Севярынец прасядзеў у турме больш, чым вы, змагаючыся за Статут, прасядзелі на Залатой Горцы. Ён вязень сумленьня паводле ягонага статусу. І ён яшчэ не выйшаў быў з турмы, а вы прапанавалі яму выйсці з ПЭНа. Паводле Статуту.

Я прасіў вас гэтага не рабіць.

Вы спаслаліся на прынцыпы.

Што ж, прынцыпы дык прынцыпы.

Я прынцыпова нідзе і ніколі не казаў, калі, каму і чым дапамагаў. Ну, дапамог — і пра тое ведаюць ты ды Бог. Але ў дадзеным выпадку проста змушаны нагадаць, што мной былі ахвяраваныя на дзейнасць ПЭНа сродкі, якіх больш чым дастаткова, каб пагасіць запазычанасць усіх сяброў ПЭНа, выключаных за няўплату ўнёскаў.

Прашу вас гэта зрабіць. І на тым перагарнуць старонку гісторыі ПЭНа, якую не хочацца чытаць.

Уладзімір Някляеў.

23.10.2019, Швецыя, Лунд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0