Кандыдаты ў дэпутаты беларускага парламента хоць і прызначаюцца загадам зверху, але гэта не адмяняе усёй рытуальнай дзейнасці, звязанай з выбарамі. Сустрэчы з выбаршчыкамі праводзяць усе. Не выключэнне і былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, якая таксама плануе трапіць у Палату.

«Наша Ніва» наведала дзве сустрэчы Ананіч з выбаршчыкамі ў Печах, раёне на ўскрайку Барысава.

Першая прайшла ў мясцовай школе №7.

Ананіч — гэта, канечне, не камуніст Клішэвіч. Узровень іншы — таму і на сустрэчу з кандыдаткай «запрасілі» ўсіх вольных педагогаў і тэхнічных работнікаў школы. Агулам у залі змясцілася амаль 50 чалавек. Хтосьці падсмейваецца з мерапрыемства, хтосьці шчыра зацікаўлены «на зямлячку паглядзець».

Чытайце: «Праблемай з выгулам сабак будуць займацца і дэпутаты, і прэзідэнт!» Як камуніст Клішэвіч правёў сустрэчу з выбаршчыкамі

Вылучаецца Ананіч па Барысаўскай сельскай акрузе №63, таму зараз актыўна ездзіць па раёне. Штодня ў яе па тры-чатыры сустрэчы з выбаршчыкамі. Ананіч нават завяла сабе інстаграм-акаунт, у якім выказвае захапленне Барысаўшчынай. Старонка не надта цікавая і даволі казённая, але сам факт!

На пачатку сустрэчы ў Печах Ананіч распавяла пра сябе, затым пачаўся стандартны маналог ў жанры «за ўсё добрае, супраць усяго кепскага».

«Мой галоўны пастулат — беларусы стварылі незалежную дзяржаву, і гэта галоўнае дасягненне і аплот развіцця».

«Я за справядлівасць, бяспеку, прававую абарону для кожнага грамадзяніна».

«Я за далейшае дынамічнае развіццё эканомікі».

«У краіне шмат зроблена для развіцця сельскай гаспадаркі. Аграрны сектар робіць вялікі ўнёсак у эканоміку краю. Я выступаю за развіццё фермерства і падтрымку буйнатаварнага аграрнага сектара».

«Я за падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу».

«Трэба захаваць бясплатную медыцыну з акцэнтам на прафілактыку і раннюю дыягностыку».

«Мы, нашчадкі, мусім захоўваць памяць пра Перамогу, захоўваць мір і падтрымліваць ветэранаў вайны».

«Трэба падтрымліваць маладыя і шматдзетныя сем’і. Мы маглі б на нашай зямлі камфортна жыць колькасцю і 20, і 30 мільёнаў, але вайна не дала прырасці насельніцтву. Пасля не далі 1990-я».

«У Барысаўскім раёне востра стаіць праблема пітнай вады. І ў маёй праграме я надзяляю ўвагу гэтай тэме».

… і гэтак далей.

Насамрэч выступ максімальна «чыноўніцкі». Лексіка такая ж: «Вашыя словы — гэта загады для мяне!» Шмат словаў пра незалежную Беларусь і добрае жыццё ў ёй: «Беларусь — дзяржава для народа!».

Пасля выступу адзінае пытанне задала настаўніца геаграфіі: маўляў, шмат разводаў, як захаваць сем’і? Ананіч падтрымала занепакоенасць. Адказала, што і ў сям’і згубілі духоўны код, сталі надта лёгка разводзіцца, і ў школах трэба б узмацніць сямейнае выхаванне. Няблага было б, калі ў СМІ больш пісалі пра паспяховыя шматдзетныя сем’і.

Акрамя таго, тая ж настаўніца папрасіла, каб падручнікі пісалі практыкуючыя настаўнікі, а не навукоўцы, бо атрымліваецца і надта складана, і банальна нецікава. Ну і трэба б павялічыць колькасць урокаў геаграфіі.

На гэта Ананіч канкрэтна нічога не адказала. Затое паведаміла, што трэба надзяляць больш увагі беларускай мове:

«Трэба каб дзеці аднолькава добра ведалі дзве дзяржаўныя мовы».

Больш пытанняў у прысутных не знайшлося. Невядома адкуль узяліся салдацікі, якія хуценька разабралі выставу, прысвечаную жанчынам на Вялікай Айчыннай вайне. Гэтая выстава, арганізаваная Саюзам жанчын, які ўзначальвае Ананіч, гастралюе па раёне разам з кандыдаткай.

На другой сустрэчы, у мясцовым Доме культуры, народу было менш, чалавек 20. Схема тая ж: выступ Ананіч з тымі ж тэзісамі, пасля пытанні.

«Задавайце пытанні, дзяліцеся сваімі думкамі, давайце падказкі!» — заклікала кандыдатка аўдыторыю. 

«Падзяліўся думкамі» адзін мужчына сярэдніх гадоў. Выказаў спадзеў, што так прыгожа, як абяцала Ананіч, і будзе. Паскардзіўся трохі на праблемы Дома культуры, адсутнасць пандусаў для інвалідаў, лавак і іншыя недахопы.

Таксама мужчына пацікавіўся, ці магчыма так зрабіць, каб да Ананіч маглі дазваніцца шараговыя выбаршчыкі?

«Падумаем», — паабяцала будучая дэпутатка.

А наконт пандусаў і лавак парэкамендавала не саромецца і браць ініцыятыву ў свае рукі. 

Іншы мужчына паскардзіўся, што страшна глядзець тэлевізар: там паказваюць, што мамы забіваюць дзяцей! Ананіч пагадзілася: раней такога не было. 

Яшчэ адзін малады хлопец паведаміў, што ў краіне не культывуецца вобраз бацькі. Маўляў, Дзень маці ёсць, а Дня бацькі — няма. Праблема. 

Ананіч патлумачыла яму, што выступае за ўмацаванне інстытута сям'і, а гэта і пра маму, і пра тату таксама. 

«Усе, хто за сям'ю і за краіну — галасуйце за маю праграму!» — заклікала кандыдатка.

Выступы Ананіч лагічныя, зачапіцца няма за што — ну а хто супраць незалежнасці, бяспекі ці развіцця моладзі? Але ад больш падрабязнага інтэрв’ю Лілія Ананіч адмовілася — маўляў, надта шмат сустрэчаў і іншай перадвыбарчай працы. Што ж, не дык не.

Тады «Наша Ніва» пацікавілася, што натхніла чыноўніцу абзавесціся інстаграмам. Ананіч адказала, што нібыта нават сама выстаўляе допісы і публікуе фоткі:

«Я ж журналіст па адукацыі. І лічу, што калі чалавек абірае шлях дэпутацтва, то трэба мець як мага болей магчымасцяў пра сябе расказаць і паказаць, чым сёння жыве рэгіён. Я імкнуся, каб як мага больш людзей пабачылі, як адбываецца выбарчы працэс, што ўяўляе сабою мая праграма».

Ну і ладна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?