Спачатку «Бімба» партызаніў супраць саветаў. Пасля знішчаў сваіх сяброў па партызанцы. А пасля стаў святаром? Літоўскія следчыя падазраюць знакамітага ксяндза з Мосару Юозаса Бульку ў тым, што ён быў агентам-баевіком МГБ. Ён усё адмаўляе. Карэспандэнт «НН» пабываў у віленскім Цэнтры даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы і ў Мосары.
Спачатку «Бімба» партызаніў супраць саветаў. Пасля знішчаў сваіх сяброў па партызанцы. А пасля стаў святаром? Літоўскія следчыя падазраюць знакамітага ксяндза з Мосару Юозаса Бульку ў тым, што ён быў агентам-баевіком МГБ. Ён усё адмаўляе. Карэспандэнт «НН» пабываў у віленскім Цэнтры даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы і ў Мосары.
У дасье МГБ ён праходзіў як «Бімба». Гэта быў, агент-баявік, якіх засылалі ў шэрагі партызанаў, каб раскладаць і падстаўляць іх пад удары. Згодна з сакрэтнымі данясеннямі, з непасрэднай дапамогай «Бімбы» на працягу 1951—1953 гг. у выніку спецаперацый былі захопленыя і знішчаныя каля 45 партызанаў. Як непатрэбныя сведкі, гінулі і мірныя людзі. Сакрэтныя дакументы сведчаць пра тое, як гэта рабілася.
Пад абліччам партызана агенты ўваходзілі ў давер да «лясных братоў» ці вясковых жыхароў, вызнавалі ўсё да драбніцаў. А тады наляталі спецчасткі. Калі мэтай аперацыі была ліквідацыя партызанаў, гэтую задачу найчасцей даручалі менавіта агентам.
Органы дзейнічалі вынаходліва. Вось адна з сітуацый: эмгэбісты захапілі падазраваную ў сувязях з падпольшчыкамі вясковую настаўніцу. Білі, выбівалі, але допыт нічога не даў. Тады жанчыну павезлі ў невядомым кірунку. У дарозе абоз атакавалі «лясныя браты», жанчыну захапілі і пачалі дапытваць — што яна робіць разам з карнікамі, ці не працуе на іх. Тая паклялася, што не супрацоўнічала, а наадварот — дапамагала партызанам. «Не верым, дакажы. Каму і дзе дапамагала? Дай кантакты». Тая расказвае. У той жа дзень усе названыя ёй людзі гінуць ад куль эмгэбістаў. Налёт на абоз быў інсцэніроўкай...
У Літве пасля вайны і аж да смерці Сталіна ішла сапраўдная вайна.
Далёка не ўсе літоўцы прызналі савецкую ўладу, разглядаючы яе як акупацыю сваёй незалежнай краіны.
Для саветаў любое іншадумства было злачынствам. Адзін да васьмі — такі быў кошт супраціву. Паводле савецкай статыстыкі, ахвярамі літоўскіх падпольшчыкаў і партызанаў сталі каля 25 000 вайскоўцаў і актывістаў. У сваю чаргу, у Літве было забіта, расстраляна, дэпартавана каля 200 000 чалавек.
Літоўская антысавецкая партызанка была адной з наймацнейшых у Цэнтральнай Еўропе — нароўні з украінскай.
Гэта быў суровы час. Вайна супраць чужынцаў перайшла ў грамадзянскую, калі брат ішоў на брата, камуніст на каталіка, а млынар — на бедняка.
Незалежная Літва не прызнала законнасці савецкай акупацыі 1940 году. Больш за тое, з улікам колькасці ахвяраў і памеру шкоды, нанесенай краіне, падзеі тых гадоў трактуюцца як генацыд літоўскага народу. Адпаведна, згодна з літоўскімі законамі, супрацоўніцтва з савецкімі карнымі органамі разглядаецца як злачынства, якое не мае тэрміну даўнасці.
Калі чалавек проста «стукаў» у КГБ у 1970-я, гэта пазбаўляе яго права займаць дзяржаўную пасаду. Калі ж у яго на руках кроў людзей — гэта фармальна можа быць нават падставай для судовага разбіральніцтва. Гісторыя агента «Бімбы» адносіцца да апошняга варыянту.
Агент «Бімба»
Для пошукаў звестак пра былых баевікоў МГБ супрацоўнікі Цэнтру даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы (LGGRTC) выкарыстоўваюць архівы Літоўскага КГБ і яго папярэднікаў. Там гэты гіганцкі збор праходзіць сістэматызацыю і аналіз.
На сёння справа з матэрыяламі на агента «Бімбу» налічвае некалькі сотняў аркушаў — даведак, аператыўных зводак, падсобных картак.
«19 сакавіка 1951 году пры правядзенні чэкісцка-вайсковай аперацыі ў Швянчоняляйскім раёне каля чыгуначнай станцыі Кяўнелішкі быў выяўлены бандыцкі лагер, бандыты, якія там знаходзіліся, аказалі ўзброены супраціў. У перастрэлцы былі забітыя 6 бандытаў, а «Бімба» быў захоплены жывым і тут жа даў згоду паказаць вядомы яму бункер. Пры выяўленні бункеру, бандыты, якія ў ім знаходзіліся, аказалі ўзброены супраціў і былі забітыя».
Гэта радкі з даведкі на агента «Бімбу» (асабістая справа № 1085) пад грыфам «совершенно секретно» за 1953 г.
Гэта ўсё сухая мова архіваў. А ў жыцці? Далі пад дых, далі па пысе, тыцнулі носам у лужыну яшчэ цёплай крыві: або ты нам паказваеш, дзе сядзяць астатнія, або табе капец. Хлопцу 26 гадоў, з якіх сем ён прасядзеў у лесе, і ўсё ягонае кароткае жыццё праносіцца ў яго перад вачыма...
Ёсць зафіксаваны дакументальна выпадак, калі, у часе эмгэбісцкай атакі на бункер, адзін з партызанаў паспрабаваў застрэліцца, але толькі цяжка параніў сябе. Астатніх забілі. Чэкісты яго выхадзілі і шантажом прымусілі супрацоўнічаць.
У іншым дакуменце — аператыўнай зводцы аб выніках барацьбы з нацыяналістычным падполлем і ўзброенымі бандамі па Віленскай вобласці за сакавік 1951 году — удакладняюцца звесткі пра забітых ў баі пад Кяўнелішкамі партызанаў і захопленага жыўцом «бандыта». З яго вынікае, што
захопленым быў упаўнаважаны аддзелу сувязі штабу акругі «Вітаўт», камандзір бандраёну «Кяўнэ» Булька Юозас, 1925 году нараджэння, ураджэнец вёскі Рыпайчы Швянчоняляйскага раёну, у бандзе з 1948 году, партызанскія мянушкі «Скраюнас» і «Сваюнас».
З дакументу вынікае таксама, што ў тым баі загінуў брат Юозаса Антанас Булька, 1931 году нараджэння, рэдактар падпольнай газеты «Аукштайчу ковас», партызанскія мянушкі «Дайнюс» і «Куршэнас».
Бульку пакідаюць у жывых.
Сканчаецца дзейнасць ляснога брата «Скраюнаса», пачынаецца жыццё «Бімбы».
У эмгэбісцкіх дакументах, датычных «Бімбы», ёсць разнабой. Дата нараджэння пазначаецца то 1923-м, то 1925-м, а то і 1928-м годам. Недзе ягонае імя па бацьку значыцца як Антанасавіч, недзе Вінцавіч.
Уценская энцыклапедыя піша, што МГБ завербавала Бульку ў кастрычніку 1948 году. У некаторых эмгэбэшных дакументах гэты год значыцца як пачатак антысавецкай дзейнасці агента. Агульнае, што ў біяграфіі «Бімбы» яднае ўсе крыніцы — гэта мясцовасць, з якой ён паходзіць, — вёска Рыпайчы Уценскага раёну, наяўнасць брата Антанаса, а таксама падпольныя мянушкі.
Паводле архіўных дакументаў, дзейнічаў агент «Бімба» да 1961 году. Характарызаваўся як дасведчаны, дысцыплінаваны і ініцыятыўны супрацоўнік.
Згодна з сакрэтнымі данясеннямі, з непасрэднай дапамогай «Бімбы» на працягу 1951—1953 гг. у выніку спецаперацый былі захопленыя і знішчаныя каля 45 партызанаў. Як непатрэбныя сведкі гінулі і мірныя людзі.
22 сакавіка ў Лабанарскім лесе каля в. Лігялаўкі пры ягоным удзеле былі застрэленыя 13 баевікоў і захопленыя партызан і сувязная. У хуткім часе на ўказку «Бімбы» схопленыя яшчэ каля 10 мясцовых жыхароў, што дапамагалі партызанам.
У ноч з 10 на 11 красавіка 1951 г. чэкісцкая вайсковая група, кіраваная стар. лейтэнантам В.Сташкевічам, складзеная з агентаў-баевікоў упраўленьня 2-N МГБ ЛССР, у сядзібе Юозаса Чыбіраса — жыхара в. Страздай Таўрагнскага сельсавету Уценскага раёну — застрэліла 11 партызанаў. Разам забітыя маці гаспадара Марцэля Чыбірэне і яшчэ адна жанчына, Тафіля Ціюнялене, а таксама 10-гадовы хлапчук. Як непатрэбных сведкаў забілі і гаспадара сядзібы Юозаса Чыбіраса, і ягоную цяжарную жонку Паўліну Чыбірэне.
І гэтак далей да 1953 году... Варта адзначыць, што
Бімба не быў энтузіястам — у справе няма справаздачаў, складзеных ім асабіста, якія сустракаюцца ў дасье іншых агентаў, што з асалодай апісваюць свае дасягненні.
Супрацоўніцтва было спынена ў 1961 годзе «праз адсутнасць сувязі з агентам».
Літоўскія СМІ сталі пісаць пра агента «Бімбу» з сярэдзіны 1990-х. Пры гэтым часта адназначна сцвярджаецца, што былы баявік — гэта ксёндз Булька з Мосару, што на Глыбоччыне. У 2003 годзе літоўскі тэлеканал LTV агучыў вытрымкі з тэлефоннай размовы з Ю.Булькам, у якой той заявіў, што нікога не выдаваў, а партызаны патрапілі ў рукі спецслужбаў з прычыны нізкай дысцыпліны і п’янства. Трэба сказаць, што з 1960-х Ю.Булька браў актыўны ўдзел у антыалкагольных кампаніях у Літве. Сёння ж ён вядомы як адзін з самых прынцыповых змагароў з п’янствам у Беларусі.
Супрацоўнікі Цэнтру не такія катэгарычныя, як літоўскія журналісты.
«Мы амаль упэўненыя, што ксёндз з Мосару і ёсць агентам «Бімбам», гэтаму ёсць шмат дакументальных пацверджанняў, але справа яшчэ не закрытая і патрабуе канчатковага даследавання», — кажа загадчык спецаддзелу Цэнтру Рытас Нарвідас.Паводле літоўскага заканадаўства, Цэнтр толькі збірае матэрыялы, а затым перадае справу ў Пракуратуру.
«Узяць на плечы крыж і пайсці ў Літву»
Ксёндз Юозас Булька факт свайго супрацоўніцтва з органамі адмаўляе: «Не працаваў! Што вы шукаеце? Што вы ад мяне хочаце, скажыце? Восемдзесят чацвёрты год. Не даяце спакойна памерці. Чаму вы не даследуеце, хто рэзаў у той час людзей, самагонку гнаў?Я ні з кім ні ў лесе не быў звязаны, ні ў КГБ, я вёў барацьбу з алкагалізмам. (…) Я непітушчы. Самагон выліваў, не даваў піць. А што вы ведаеце, малады, што выраблялі тым часам гэтыя бандыты, каторыя, кажуць цяпер, патрыёты? КГБ, знаеце. Я нікому прысягі не даваў. Я і цяпер працую з п’янствам. Вяду размовы. Я рады, калі чалавек папраўляецца, калі прыходзіць і дзякуе за гэта».
Айцец Юозас заўважна хваляваўся, бо сама тэма гутаркі яму вельмі балючая. «Кажуць, што з органамі супрацоўнічаў, але чаму тады яны не заступіліся за мяне, калі мяне выгналі з тэхнікуму за тое, што ў касцёл хадзіў?» — пытае Юозас Булька.
Нібы ў супрацьвагу апублікаваным у Вільні эмгэбэшным дакументам, ён дэманструе кнігі водгукаў з прадпрыемстваў, дзе ён працаваў. У іх на розных мовах запісаныя падзякі таварышу Бульку за арганізацыю цудоўных сустрэчаў, так званых безалкагольных вечароў. Запісы па-расійску зробленыя жыхарамі Ленінграду, Ульянаўску, Уральску.
У адной з гэтых кніг захоўваецца ліст жанчыны, якая дзякуе старшыні арганізацыі Чырвонага крыжа віленскага заводу электрапрыбораў Юозасу Бульку за ўратаванае жыццё. Жанчыне трэба было рабіць складаную аперацыю, якая амаль не пакідала шанцаў выжыць. Булька на свае грошы набыў дарагія лекі, і кабета, маці дваіх дзяцей, адужала.
«Я ўсё жыццё ратаваў людзей з бяды. І працягваю гэта рабіць цяпер. Можа, мяне хто і не любіць, але я не баюся. Не баюся смерці. Я сам адчыняю дзверы ўсім, хто да мяне прыходзіць, і пры гэтым не ведаю, хто стаіць на парозе», — кажа святар.І кажа, што ніхто яго не фінансуе — на ўсе патрэбы людзі ахвяруюць. «Кажуць, што Парыж* быў адноўлены не проста так. Але гэта зайздрасць людская. Трэба працаваць, шмат працаваць і тады ўсё ўдасца».«Не падабаецца некаторым, што мяне Лукашэнка ўзнагародзіў», — узгадвае святар.
Людзі судзяць адзін аднаго і хай судзяць, але ўсё адно Бог усё паставіць на свае месцы, кажа святар. «Часам у мяне ўзнікае думка — узяць на плечы крыж і пайсці пешшу ў Літву», — кажа ён.
«Невядома, як бы я сябе павёў у той сітуацыі»
На Глыбоччыне пра расследаванне літоўскіх гісторыкаў вядома з моманту выхаду тэлеперадачы на LTV. «У нас шмат хто глядзіць літоўскія тэлеканалы, таму людзі ў курсе тых падзей», — кажа глыбаччанін Яраслаў Берніковіч. Ён мяркуе, што датычнасць святара да падзеяў мінулай вайны відавочная, а таму ён мусіць пакаяцца. Бо інакш чаму я мушу спавядацца такому ксяндзу, пытае Берніковіч.
Кінакрытык Андрэй Расінскі неаднаразова быў госцем Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў «Магніфікат», што ладзіцца ў Глыбоцкім раёне. Ён не можа паверыць у звесткі пра стваральніка мосарскага цуду: «Патрапіўшы туды, убачыўшы ўсё на свае вочы ды паразмаўляўшы з Булькам, які столькі добрага зрабіў, у такое цяжка паверыць».
Перакладчык з Пінску Яўген Салейчук быў аднойчы з каталіцкай пілігрымкай у Мосары. «Усе мы былі моцна ўражаныя ўбачаным, але найбольш самім ксяндзом», — узгадвае ён. Адно з наймацнейшых уражанняў — тое, як да святара раніцай прыйшлі калгаснікі і пачалі раіцца, з чаго пачынаць працу. І ксёндз ім раздаваў заданні, нібы аграном. «Непрыемна такое чуць пра такога чалавека. І тым больш складана судзіць яго, бо невядома, як бы я сябе павёў у той трагічнай сітуацыі».
Колькі гадоў таму, кажа кіраўнік спецаддзелу LGGRTC Рытас Нарвідас, у пракуратуру Беларусі быў накіраваны зварот ад літоўскіх калегаў з просьбай зладзіць допыт мосарскага ксяндза. Але зварот застаўся без адказу.
Справа агента «Бімбы» не мае тэрміну даўнасці, пакуль яна часова прыпыненая, бо не апытаны галоўны падазраваны.
«На сёння стаіць пытанне не столькі пакарання былых агентаў, колькі спробы не даць грамадству забыцца на гэтую трагічную і няпростую тэму», — кажа загадчык спецаддзелу. На яго думку, узрост і статус ксяндза з Мосару нельга ігнараваць.«Магчыма, яго і не трэба цягнуць у суд, але было б добра, каб ён добраахвотна выказаўся на гэтую тэму. Каб у гэтай справе можна было нарэшце паставіць кропку».
Каментары