«Грошай у парусным спорце зарабіць было немагчыма, падтрымліваліся толькі тэнісісты і хакеісты»

Андрэй з 13 гадоў у парусным спорце. На апошнім першынстве СССР у класе 470 заняў трэцяе месца, выйграваў першынства прафсаюзаў у Таганрогу.

«40% зборнай СССР былі беларусы, у якіх няма свайго мора, — успамінае ён. — Уласна кажучы, ніхто тут і не трэніраваўся. Пастаянна ездзілі на зборы — Севастопаль, Керч, усю зіму сядзелі ў Сочы. Мяне ў школе празвалі «чырвонае сонейка»: з’явіўся на тыдзень — і паўтара месяца зноў няма. Ну а потым, пасля развалу СССР, у Расію стала дорага ездзіць, танней было ў Польшчу, Германію».

У прафесійным спорце мужчына заставаўся да пачатку нулявых. Расказвае, што апошні год яго кар’еры склаўся даволі ўдала — у 1999-м яго экіпаж стаў другім на чэмпіянаце свету сярод ваеннаслужачых. А потым Андрэй сышоў працаваць у гандаль.

«Грошай у спорце тады зарабіць было немагчыма, падтрымліваліся толькі тэнісісты і хакеісты. На спаборніцтвы ездзілі дзякуючы трэнеру — у яго былі сябры па ўсім свеце, таму нас прымалі, забяспечвалі харчаваннем і пражываннем. Матчастка была нясвежай. А ад яе многае залежыць: парусны спорт — гэта тэхнічны від спорту. Калі няма надзейнай матчасткі — няма хуткасці, пра прызавыя месцы можна забыць».

Яхтынг застаўся як хобі. Андрэй удзельнічае ў аматарскім кубку краіны, часам ездзіць на міжнародныя рэгаты. А летам і восенню трэніруецца разам з жонкай Арынай на Мінскім моры. Сваёй яхты ў пары няма, але гэта не праблема: уладальнікам суднаў часта патрэбны экіпаж, асабліва на гонках, дзе адзін не дасі рады.

«Для гонак павінна быць сур’ёзная фізічная падрыхтоўка. Трэба ведаць метэаралогію, аэрадынаміку, гідрадынаміку, умець працаваць рукамі — зашыць ветразь, зрасціць парваную вяроўку, пачыніць навігацыю», — тлумачыць мужчына.

Арына стала ўсур’ёз займацца яхтынгам год таму. Настолькі захапілася, што марская тэматыка нават адбілася на гардэробе — яго запаланілі сінія, блакітныя і паласатыя рэчы.

«Адзіная складанасць у яхтынгу — у мяне не аналітычны склад розуму, і я часам не магу зразумець, як што працуе. А фізічна гэта няцяжка. Хоць пасля першага дня нядаўняй гонкі мне было складана, бо дзьмуў моцны вецер — трэба было адкрэньваць яхту, перасаджвацца з борта на борт. Адпаведна ідзе ўпор на рукі і ногі. На бераг сышла — усё ватнае было», — дзеліцца Арына.

Правы на кіраванне яхтай на ўнутранай воднай прасторы атрымліваюць у Беларусі. А самі судны часцей купляюць у Польшчы, Літве, Латвіі. Патрыманая яхта па цане супастаўная з аўто. Маленькі швэртбот каштуе каля $3 тысяч, «эМ-КА» на трох чалавек — $4 тысячы, «Наталі» — каля $5-6 тысяч.

«Дэльфіны суправаджалі — распужалі нам рыбу»

Шанец пераплыць пад парусам Атлантыку Андрэю выпаў нечакана. Знаёмыя запрасілі перагнаць яхту — судна дагэтуль удзельнічала ў кругасветнай гонцы, выйграла некалькі этапаў і мусіла вярнуцца з Карыбаў у Еўропу.

Усяго ў экіпажы было чатыры чалавекі.

«Яхта была дапрацавана пад цяжкія марскія ўмовы, вытрымлівала ўраганны вецер. Былі ўсе неабходныя сродкі бяспекі — камізэлькі, сістэма АІС (папярэджання сутыкнення ў моры). Сувязь праз спадарожнік падтрымлівалася пастаянна. Прагноз са спадарожніка прыходзіў раз на двое сутак, і ў залежнасці ад гэтага мы пракладалі маршрут. Мы пазбягалі штормаў. Толькі ў адзін дзень было ўзмацненне ветру да 35 вузлоў (18 метраў у секунду. — NN.by) — змяньшалі плошчу паруса. Перажылі. Днём гэта ўсё прасцей пераносіць, уначы, канечне, складаней — стаялі вахтай па дзве гадзіны», — расказвае Андрэй.

Увесь шлях ад карыбскага вострава Анцігуа да іспанскага горада Бенальмадэна заняў 23 дні. З іх 16 дзён — у адкрытым акіяне.

«Калі браць прамы маршрут, то там зона шціляў, магло зацягнуць, калі вельмі моцна на поўнач — там узмацненне ветру. Таму ішлі пасярэдзіне. Мы вельмі хутка праплылі, хоць і былі ў расслабленым круізным рэжыме. Звычайна пераход праз акіян займае 20-27 сутак».

З сабой у дарогу экіпаж узяў больш за 80 літраў вады, плюс стаялі два бакі-апрасняльнікі. З ежы былі кансервы, садавіна, гародніна. Зялёныя бананы апускалі ў марскую ваду — і праз тры дні яны станавіліся спелымі. А вось сетку апельсінаў, якая захоўвалася побач, давялося выкінуць — сапсаваліся, бо бананы выдзяляюць газ, які паскарае паспяванне.

На борце мужчыны гатавалі салаты, супы.

«35 вузлоў вецер — а мы борш варым», — усміхаецца Андрэй.

Расказвае, як лавілі рыбу ў акіяне. Першы раз, калі падчапілі буйную рыбіну, тая сарвалася — кручок з нержавейкі ў салёнай вадзе на хуткасці стаў тупым. А пасля ўдалося вылавіць 10-кілаграмовую махі-махі (яе яшчэ называюць залацістай дарада).

«Смачная. Два дні елі, а на трэці дзень з астаткаў юшку варылі», — кажа мужчына.

Прэсную ваду стараліся ашчаджаць. Мыліся ў акіяне, у душы пасля толькі змывалі соль.

Падчас падарожжа экіпаж сустракаў розных марскіх жыхароў.

«Лятучыя рыбы — гэта нешта неверагоднае, асабліва калі на акіянскай хвалі ўздымаецца касяк з 50 штук. Яны рэальна машуць плыўнікамі і ляцяць! Зранку ідзеш па палубе — дзве-тры штукі ляжаць.

Дэльфіны суправаджалі. Практычна палову дарогі стая ішла побач з намі, і рыбалка на гэтым скончылася (усміхаецца). Яхта ўначы ідзе з навігацыйнымі агнямі, свет і шум рухавіка прыцягвае рыбу — а тут дэльфіны распужалі.

Эхалот працуе — разумееш, што пад табой 6,5 кіламетра вады. То бок пешшу да дна паўтары гадзіны. Потым раз — на апараце выскоквае 10 метраў. Спачатку вельмі пужала, асабліва ўначы. А потым ужо разумеў, што гэта недзе пад яхтай дэльфін.

Кітоў сустракалі. Удалечыні праплываў кашалот — ласту падняў, памахаў. А падыходзілі да Азорскіх астравоў, бачылі фантанчыкі за метраў 200».

Ці страшна колькі дзён запар знаходзіцца ў адкрытым акіяне? Андрэй узгадвае, што хваляваліся толькі аднойчы, калі заўважылі 12-метровы прывальны брус, які дрэйфаваў побач. Але калі выходзілі з Карыбаў, бачылі досыць шмат аварыйных буёў — на месцы затанулых суднаў.

А вось жонка Арына прызнаецца, што аднойчы перапужалася за мужа:

«У мяне быў дадатак на тэлефоне, на якім я адсочвала раз на суткі, дзе ідзе яхта. І памятаю, двое сутак не абнаўлялася інфармацыя — кропка проста стаяла на месцы. А патэлефанаваць магчымасці няма. У гэты момант стала страшна».

Андрэй дзеліцца: пасля трансатлантычнага пераходу адчуваеш, што зямны шар не такі вялікі, як падавалася раней.

«Навошта наогул перасякаць акіян пад ветразем? Гэта ў першую чаргу выпрабаванне для арганізма. Адкрыты акіян — гэта адзіная магчымасць «перачыпавацца», бо там ты жывеш па прынцыпе «тут і цяпер».

Калі на гарызонце з’яўляецца бераг ўпершыню за два тыдні, мімаволі можна падумаць, што гэта проста ідзе цыклон.

Бо мозг адмаўляецца верыць ў тое, што ты ўжо побач са сваёй натуральнай зонай жыхарства. А вочы яшчэ доўга прывыкаюць да аўтамабіляў, людзей і астатняй цывілізацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?