3 лістапада ў Мінску ад метро «Парк Чалюскінцаў» пачалося традыцыйнае шэсце на Дзяды — дзень памяці продкаў.
Людзі сабраліся ля гадзіннікавага завода ля парку Чалюскінцаў, каб потым пайсці па вуліцах Каліноўскага, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. У калонах каля 250 чалавек.
Падчас шэсця актывісты «Еўрапейскай Беларусі» запалілі фаеры. Іншыя ўдзельнікі паспрабавалі адабраць фаеры і папрасілі не рабіць правакацый.
Пасля таго, як калона прыйшла ў Курапаты, пачаўся мітынг.
На «Галгофе» прагучала малітва. Павел Севярынец прыкруціў да аднаго з крыжоў таблічку з імем расстралянага паэта — Васіля Каваля.
Юрась Беленькі выступіў з прамовай пра небяспеку інтэграцыі з Расіяй.
Мерапрыемства традыцыйна ладзіць Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.
Дзяды — восеньскі дзень памяці продкаў. Яму прысвечаныя класічныя творы Адама Міцкевіча і Янкі Купалы.
У старыя часы Дзяды масава ўшаноўвалі ў цэнтры і на захадзе Беларусі, тады як Радаўніцу — веснавы дзень памяці продкаў — на поўдні і поўначы. Людзі прыносяць свечкі на магілы і чысцяць пахаванні перад зімой.
З канца 1980-х святкаванне Дзядоў спалучылася з днямі памяці ахвяр савецкіх расстрэлаў у Курапатах і іншых месцах масавага знішчэння насельніцтва нацыстамі і саветамі.