Кіраўнічка ЦБД Анастасія Васілевіч і вядомы драматург Дзмітрый Багаслаўскі стварылі гэты адукацыйны праект з мэтай дапамагчы тым, хто задумаў, але раней не рашаўся стварыць драматычны тэкст. Першая «Адкрывачка» дала цікавыя вынікі, менавіта падчас яе Улада Хмель напісала тэкст «Усё нармальна», які за год увайшоў у шорт-лісты конкурсаў Writebox і «Любімаўка», летам быў пастаўлены на сцэне Тэатра беларускай драматургіі маладой рэжысёркай Асяй Якаўлевай — для першай п’есы драматурга гэта рэкордныя тэрміны…

Крытыкі часта кажуць пра феномен новай хвалі сучаснай беларускай драматургіі, і я асабіста часцей за іншых, але з цяжкасцю беларускіх драматургаў можна назваць суполкай, школай, тым больш аб’яднаннем, настолькі яны па-рознаму пішуць і з розным бэкграўндам прыйшлі ў тэатр.

«Адкрывачку» Дзмітрый Багаслаўскі робіць не як паўнавартасныя курсы сцэнарнага ці драматычнага майстэрства, наколькі я зразумеў, там не вучаць шаблонам і схемам напісання тэкстаў для тэатру, але маладыя аўтары атрымліваюць магчымасць кансультацый прызнанага прафесіянала падчас рэалізацыі сваёй задумы і пабачыць сцэнічныя чытанні сваіх тэкстаў акцёрамі. Таму чыткі тут з’яўляюцца не вынікам, а працягам творчага працэсу.

Тэксты, якія падрыхтавалі сённяшнія выпускнікі «Адкрывачкі», нескладана было назваць сацыяльна-злабадзённымі, нават калі тэматычна яны былі нейтральнымі. Нейкая такая агульная знерваванасць адчуваецца ў паветры, якім дыхаюць аўтары «Адкрывачкі».

У п’есе Карыны Кузміцкай «Аазіс» разыгрываецца нешта кшталту квэсту на выжыванне, дзе кожны сам за сябе. У выніку героі праяўляюць як лепшыя, так і горшыя якасці, вось толькі перамога абарочваецца нечым яшчэ больш жудасным. Напружанае, насычанае дзеянне нечым нагадвае п’есу самога куратара Дзмітрыя Багаслаўскага «Blondi».

У п’есе Юліі Лісіцы «Сёння ветрана» героі з задавальненнем катаюцца па горадзе на роварах, аўтар перадае гэтую рамантычную атмасферу, як з фільма «Амелі», але раптам, знянацку нават для саміх сябе героі пачынаюць вырашаць складаныя канфліктныя стасункі на працы і ў сям’і. Калі ты дакладна ведаеш, хто ты і што ты, захаваць сябе ў цынічным і злым свеце бывае яшчэ цяжэй.

Ксенія Шталенкова, вядомая, дарэчы, сваімі празаічнымі творамі, у сваёй п’есе «Проставельміскладана» апісала нібыта працэс напісання кніжкі, а на самай справе тое, як нават уяўнае, прыдуманае каханне ўплывае на нас у жыцці. П’еса «Экскурсія» Алега Рудзіна сутыкае свет чыноўніцкай паказухі з жорсткай сацыяльнай несправядлівасцю. Аўтар цікава выкарыстоўвае элементы чорнай камедыі і дэтэктыву.

Жанр дакументальнай п’есы для тэмы аб медыцынскай трансплантацыі органаў абрала аўтарка п’есы «Табе» Вольга Касякова. Інфармацыі настолькі шмат, што яна агаломшвае, але нейкі іншы фармат для такой тэмы падаецца недарэчным.

Аліна Бурая напісала фарсавую п’есу «Les Atomiques, або Усё ж такі яна свеціцца», дзе абсурдныя магічныя сцэнкі на тэму будаўніцтва Астравецкай АЭС зрабіліся такім тэрапеўтычным сродкам, бо інакш ідэя такога небяспечнага будаўніцтва проста не прыжываецца ў свядомасці.

Асабістым адкрыццём і радасцю для мяне зрабіўся тэкст Мікалая Музычэнкі «У зварачным шлеме я падобны да робата». Назву п’есе дала песня «Мост» расейскага гурта «Дайце танк», сама п’еса быццам інсцэніруе тое, пра што пяюць музыкі. У асноўным аўтар імкнецца перадаць, ізноў-такі, атмасферу бесклапотнага быцця, калі навокал віруе трывожны свет. Гэта яднае разнастайных герояў, якія існуюць у нейкім змрочным чорна-белым месцы, дзе ўяўнае і казачнае пераплецена з рэчаіснасцю. У п’есе вельмі цікава арганізаваны прастора і час, нібыта лента Мёбіуса, усё пераплецена, і кожны раз нібыта сустракаешся са сваімі адбіткамі з мінулага ці будучыні.

Гэта заблытанасць удала атрымалася перадаць падчас чыткі маладой рэжысёрцы Яўгеніі Давідзенка, якая насыціла дзею музыкай і загадкавымі мізансцэнамі. І ўвогуле, нягледзячы на тое, што праект прысвечаны маладым аўтарам, маладыя рэжысёры з задавальненнем рэалізуюць свае творчыя амбіцыі.

Чытка п’есы «Les Atomique» рэжысёркай Асяй Якаўлевай таксама пераўтварылася ў яскравы тэатральны хэпенінг, артысты актыўна ішлі ў залу, чыталі тэкст наўмысна такім чынам, каб было не зразумела, тое задумана аўтарам ці з’яўляецца імправізацыяй.

Падчас паказаў было дастаткова шмат гледачоў і цікавыя абмеркаванні пасля. Па сутнасці, другі паказ «Адкрывачкі» сведчыць, што праект «узляцеў», такія формы працы і прэзентацый выклікаюць зацікаўленасць грамадскасці, а феномен беларускай драматургіі фарміруецца ў тое, што можна назваць сапраўднай школай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?