Навукоўцы высветлілі, што сон уплывае на ўзровень дабрабыту, піша BBC.

Даследчыкі ў ЗША высветлілі, што тыя, хто спяць усяго на адну гадзіну даўжэй на працягу тыдня, у сярэднім зарабляюць на 4,9% больш за сваіх калег, хто выконвае тую ж працу.

Ёсць шмат тэорый, чаму так адбываецца, але асноўная такая, што работнікі, якія добра адпачываюць, больш прадуктыўныя.

Калі людзі прыходзяць на працу пасля добрага сну, то яны і адчуваюць сябе лепш, і лепш працуюць.

Вядома, не ўсё так проста. Калі вы будзеце позна ўставаць і спазняцца на працу, то ваш працадаўца наўрад ці будзе гэтым задаволены, што ў выніку можа адбіцца на зарплаце. З іншага боку, недасып прыводзіць да стрэсу, а ўсім вядома, што стрэс зніжае прадуктыўнасць.

Сон шмат у чым кантралюецца цыркаднымі рытмамі, якія таксама называюць біялагічнымі гадзіннікамі. Большасць людзей прачынаецца прыкладна ў адзін час, бо ўсім трэба ісці на працу, у школу і гэтак далей.

Але засынаюць людзі ў розны час, у залежнасці ад заходу сонца. Навукоўцы вырашылі разгледзець паводзіны і даходы амерыканцаў, якія жывуць у адным гадзінным поясе.

Высветлілася, што тыя, хто жыве ва ўсходняй частцы аднаго гадзіннага пояса, кладуцца спаць прыкладна на гадзіну раней тых, хто жыве ў заходняй частцы, і, адпаведна, спяць трохі даўжэй. Гэтыя ж людзі зарабляюць больш, чым тыя, хто робіць тую ж працу, але недасыпаюць.

Даследаванні таксама паказваюць, што тыя, хто спяць усяго па шэсць гадзін у суткі на працягу двух тыдняў, дэманструюць тыя ж вынікі, што і людзі, якія наогул не спалі па двое сутак запар.

Некаторыя кампаніі таксама заўважылі ўплыў сну на прадуктыўнасць. Google, Facebook і некаторыя іншыя буйныя кампаніі даюць супрацоўнікам месца, дзе тыя могуць нядоўга паспаць падчас працоўнага дня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0