2010 год. Пік гульні Мядзведзева супраць Лукашэнкі. Прэзідэнты Беларусі і Расіі на саміце ў Ерэване. Фота Ройтэрз.

2010 год. Пік гульні Мядзведзева супраць Лукашэнкі. Прэзідэнты Беларусі і Расіі на саміце ў Ерэване. Фота Ройтэрз.

На пачатку тыдня ў завочнай пікіроўцы сышліся Лукашэнка з Мядзведзевым. 

Расійскі прэм'ер знайшоў недарэчнымі словы беларускага кіраўніка аб чужых войнах, у якіх удзельнічала Беларусь, пасля чаго па Мядзведзеве прайшоўся дзяржаўны канал АНТ. 

Немагчыма ўявіць, каб беларускае тэлебачанне ў з'едлівых фармулёўках выказвалася пра Пуціна, але вось пра Мядзведзева — лёгка. 

Чытайце: Тэлеканал АНТ разгромна прайшоўся па Мядзведзеве

Чаму? Адносіны Лукашэнкі і Мядзведзева лічацца кепскімі яшчэ з часоў, калі Мядзведзеў быў прэзідэнтам Расіі. 

«Наша Ніва» распытала беларускіх дыпламатаў і бізнэсоўцаў і прыгадала, што псавала адносіны двух лідараў. 

Дыпламаты расказалі нам, што гэта адбывалася паступова.

«Бізнэсоўцаў адшылі ў брутальнай форме» 

«Вялікай крыўдай стала тое, што сябры Мядзведзева з ліку расійскіх бізнэс-эліт — напрыклад,асобы, блізкія да былога губернатара Краснадарскага края Аляксандра Ткачова, сельгасгіганта «Міраторг» і г.д. — у безапеляцыйнай манеры даслалі ў беларускі ўрад ліст з пералікам беларускіх прадпрыемстваў, якія яны гатовыя купіць за тры капейкі.

Гаворка вялася пра вытворча-перапрацоўчыя комплексы сельскай гаспадаркі, якія складалі канкурэнцыю асобным расійскім гульцам на расійскім жа рынку. Бізнэсоўцаў у брутальнай форме адшылі, яны пайшлі скардзіцца Мядзведзеву», — сказалі нам. 

Але паўплываць на Лукашэнку Мядзведзеў не мог — у іх не ладзілася і па асабістых прычынах, праз розніцу ў менталітэце і светапоглядзе. 

Запіс у блогу

Потым гэта выльецца з кулуараў у публічны дыпламатычны скандал, калі ў 2010-м Мядзведзеў выклаў у свой блог крытычны запіс пад загалоўкам «Бессэнсоўная паласа напружання ў адносінах з Беларусіяй абавязкова скончыцца».

У ім Мядзведзеў зрабіў недапушчальнае па дыпламатычных стандартах, кажа наша крыніца.

Ён раскрыў дэталі асабістых размоваў з Лукашэнкам, публічна заявіўшы, па-першае, што той, нібыта, у прысутнасці сведкаў абяцаў прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію, «аб чым маецца запіс у пратаколе паседжання АДКБ».

Таксама Мядзведзеў сказаў, што «падчас першай нашай афіцыйнай сустрэчы Лукашэнка ўзяўся ў негатыўнай манеры абмяркоўваць маіх папярэднікаў на пасадзе прэзідэнта Расіі — Барыса Ельцына і Уладзіміра Пуціна». 

Таксама Мядзведзеў даў Лукашэнку параду «расследаваць шматлікія справы аб знікненні людзей, якія неабыякавыя Расіі і іншым краінам». 

«Медведев обвинил Лукашенко в бесчестии» — артыкулы з такімі загалоўкамі з'яўляліся тады на афіцыйных расійскіх рэсурсах.

У той самы час расійскі канал НТВ у праграме «Надзвычайнае здарэнне. Расследаванне» паказаў фільм «Хросны бацька» з рэзкай крытыкай Лукашэнкі. У Беларусі ён быў выдалены з трансляцыі.

Не пайшоў на ўзаемазалік

У тым жа 2010-м адбылася сітуацыя, віну за якую беларускія дыпламаты ўскладаюць асабіста на Мядзведзева. Беларусь была вінная Расійскай Федэрацыі каля $200 мільёнаў даляраў за газ, а Расія Беларусі — яшчэ больш за транзіт таго газу. 

Лукашэнка прапанаваў узаемаразлік, але рускія ўпёрліся: Мядзведзеў, маўляў, ведаў, што ў гэты момант у Беларусі бедна з грашыма і разлічыцца няма чым, таму прынцыпова не пайшоў на ўзаемаразлік, пагражаючы спыніць пастаўкі газу, калі не будзе аплаты жывымі грашыма. 

Тады Беларусь выручыў Аліеў — Азербайджан літаральна на пару дзён пазычыў $200 мільёнаў, каб разлічыцца з Расіяй. 

Хто замовіў Баўмгертнера?

Ну а рашучай кропкай у адносінах двух палітыкаў стала справа Баўмгертнера, якая здарылася ў 2013-м.

Гендырэктара кампаніі «Уралкалій» затрымалі «за злоўжыванне паўнамоцтвамі» ў аэрапорце Мінска, пасля перамоваў з беларускім прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам.

Уладзіслаў Баўмгертнер быў найвышэйшым расійскім топ-менеджарам, затрыманым у Беларусі за апошнія 25 гадоў. Яго арышт расцэньвалі як публічнае прыніжэнне Расіі.

Крыніцы «Нашай Нівы» з ліку буйных бізнесоўцаў тлумачаць тую гісторыю з нечаканага ракурсу. Яны мяркуюць, што тады Лукашэнка падыграў Пуціну супраць Мядзведзева.

«Быў такі расійскі мільярдэр Сулейман Керымаў, які кіраваў, фактычна, Дагестанам. Без яго не прымаліся ніякія рашэнні, а з Керымавым моцна сябраваў Мядзведзеў. Пуціну трэба было навесці ў Дагестане парадак, скасаваць феадалізм. Ён прызначыў Рамазана Абдулаціпава прэзідэнтам Дагестана, але той разумеў, што пакуль у Дагестане Керымаў, нічога не выйдзе, і даводзіў гэтую думку Пуціну. 

Керымаў купіў «Уралкалій» за грошы ВТБ-банка, які па асабістым даручэнні Мядзведзева выдаў Керымаву $5 мільярдаў. Потым ён хацеў выкупіць і «Беларуськалій» утрая танней рынкавай цаны, за $10 млрд. Па версіі Лукашэнкі, яму за гэта прапаноўвалі адкат у $5 мільярдаў. 

Калі гэта не ўдалося, расіяне пачалі сабатаваць продажы расійскага калію праз сумесную «Беларускую калійную кампанію», дэмпінгуючы. З-за гэтага і адбылася ўся тая эпапея з Баўмгертнерам. 

У выніку Пуцін рукамі беларусаў завёў крымінальныя справы на Керымава. Керымаву давялося прадаць сваю долю «Уралкалія», а ягоны ўплыў значна паменшыў — толькі нядаўна ён зноў, пакуль намінальна, вярнуўся ў публічную расійскую палітыку. А гэта, паўтаруся, быў вялікі сябра Мядзведзева, і той яму нічым дапамагчы не мог», — сказала нам крыніца. 

Так Лукашэнка адпомсціў Мядзведзеву за нападкі ў 2010 годзе.

Агулам жа нашыя суразмоўцы лічаць, што выказвацца па палітычных пытаннях — гэта не справа Мядзведзева, таму выглядае, што ў гэты раз на рэзкі адказ Лукашэнку расійскага прэм'ера справакавалі журналісты. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?