Як стала вядома «Нашай Ніве», сёння быў скрадзены вялікі палітычны беларускі telegram-канал «Мая краіна Беларусь» — філіял аднайменнай вядомай суполкі УКантакце. У Тэлеграме яго чыталі больш за 18 тысяч чалавек. 

Разам з ім быў скрадзены і канал «ЧП-Беларусь», якія публікаваў розныя здарэнні з Беларусі, аўдыторыя каля 10 тысяч, а таксама яшчэ два дробныя каналы. 

Іх адміністраваў Сяргей Бяспалаў — вядомы інтэрнэт-дзеяч, матор многіх апазіцыйных суполак у гарачыя часы. 

Чытайце: Два мадэратары апазіцыйных суполак у сацсетках трапілі на суткі

Як жа ў яго ўвялі тэлеграм-каналы? 

Сяргей Бяспалаў, фота з сацыяльных сетак.

Сяргей Бяспалаў, фота з сацыяльных сетак.

Кантакт Бяспалава @DarthVader1990 быў пазначаны ў апісанні суполак, але разам з нікам быў яшчэ і адкрыты мабільны нумар, да якога прывязаны акаўнт — гэта быў замежны нумар. 

І вось як далей дзейнічалі невядомыя, паводле словаў Бяспалава: яны прадставіліся буйнымі рэкламадаўцамі — адной з букмекерскіх кантор — і папрасілі перад аплатай засведчыць кіраванне каналамі. Як засведчыць? А паказаць праз скайп-экран. 

Гэта азначае, што ён даў ім магчымасць убачыць, што робіцца на ягоным экране. 

У гэты момант, ужо ведаючы ягоны адкрыты рэгістрацыйны нумар, невядомыя зрабілі спробу ўвайсці ў акаўнт Бяспалава з іншага дэвайса. А там алгарытм такі, што telegram дасылае на асноўную прыладу код для ўваходу з іншай, якая аўтаматычна ўсплывае на экране. 

Такім чынам, яны ўбачылі патрэбны код і ўвялі яго на іншым дэвайсе. 

Але акаўнт быў абаронены двайной аўтарызацыяй. Як яны абышлі яе? 

А рэч у тым, што механізмы тэлеграма недасканалыя, і калі ты не ведаеш дадатковага пароля, то телеграм таксама дасылае код, але ўжо на пошту — і ён таксама выскоквае на экране. 

Паводле словаў Бяспалава, усё адбылося літаральна за секунды і калі ён схапіўся, то кантроль над акаўнтам ужо быў страчаны, — сесія на прыладзе Бяспалава была абнуленая з іншага дэвайса. 

На ўсё сышло прыкладна хвіліна. 

Цяпер ён адпісаў у тэхпадтрымку тэлеграма і спадзяецца, што каналы ўдасца вярнуць. 

З ростам аўдыторыі Тэлеграм стаў пляцоўкай, дзе зарабляюцца рэкламныя грошы. «ЧП-Беларусь» меў свайго двайніка, які кіруецца кімсьці з Расіі. Канкурэнцыю яму складаў бяспалаўскі «ЧП-Беларусь», які пасля крадзяжу ўжо пачаў абнаўляцца і нават прымаць грошы за рэкламу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0