7 лістапада ў Мінск на адкрыццё бургернай прыязджаў расійскі рэпер Цімаці. На мерапрыемстве быў заўважаны і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Tut.by датэлефанаваўся да жонкі міністра Веры Паляковай. Яна распавяла, што разам з мужам яны прыйшлі на мерапрыемства дзеля сына Арцёма, які вялікі фанат Цімацi і ведае ўсе яго песні на памяць.

Фота: Еўрарадыё.

Фота: Еўрарадыё.

8 лістапада ў Веры Паляковай — звычайны працоўны дзень: ранішнія заняткі ў Акадэміі музыкі і рэпетыцыі ў тэатры. Учора, 7 лістапада, у сям'і Макей быў доўгачаканы агульны выходны.

— Той самы дзень, калі мы ўсёй сям'ёй можам пабыць разам. Наша дзіця — вялікі фанат Цімаці. Ён ведае на памяць усе яго песні. Дзеля яго мы і пайшлі, — тлумачыць Вера. — Мой муж, насамрэч, не хацеў. У апошнюю хвіліну пагадзіўся. І потым моцна пашкадаваў пра гэта.

Вера Палякова кажа, што было вельмі непрыемна чытаць пра тое, як «некаторыя СМІ і тэлеграм-каналы» прадставілі гэтую сітуацыю: нібыта Макей «прыйшоў па бясплатны бургер».

— Мы наогул не маем права нікуды выйсці? — задаецца пытаннем Вера. — У апошні час наша сям'я, як пад абстрэлам. Хоць незразумела, што дрэннага канкрэтна я зрабіла, чым заслужыла такое да сябе стаўленне. Мяне бясконца паліваюць брудам, нейкія людзі пераследуюць у Facebook і Instagram. Адзінае, што я магла «нарабіць» ў гэтым жыцці, — гэта закахацца ў чалавека, звязанага з палітыкай.

Каб пазбегнуць дадумванняў, кажа Вера, журналісты маглі падысці да яе альбо Уладзіміра Макея і наўпрост спытаць, што яны робяць на адкрыцці бургернай.

— Заўсёды можна спытаць: «Уладзімір Уладзіміравіч, вельмі незвычайна бачыць вас на такім мерапрыемстве. Растлумачце, якога чорта вы тут робіце». І ён бы вам патлумачыў, што прыйшоў, таму што наша дзіця — фанат Тiматi і Black Star. І не па бургеры мы прыйшлі, а проста, каб яго ўбачыць. Гэтак жа, як і многія астатнія.

Па словах Веры Паляковай, Арцём не ўпершыню здзяйсняе незвычайныя ўчынкі дзеля сваіх куміраў.

— За дзень да гэтага Арцём чатыры гадзіны стаяў пад праліўным дажджом, каб убачыць Улада Бумагу. Прыйшоў дадому мокрым наскрозь. Нават з ім не сфатаграфаваўся — ён проста з яшчэ адным хлопчыкам прастаяў чатыры гадзіны пад дажджом. «Навошта табе гэта?» — запыталася я. — «Мама, ты не разумееш: мне вельмі важна было яго ўбачыць». Ёсць моманты чыста чалавечыя. Але чаму ў нас заўсёды нешта шукаюць? Так, мы прыйшлі паесці бургеры. Вядома, мы вялікія аматары такой ежы, — іранізуе Вера. — Мой муж за ўвесь час выпіў шклянку вады. Не ўзяў нічога. Прынцыпова. Мы сапраўды не маем патрэбу ў тым, каб атрымаць нешта бясплатна. Мы абодва працуем.

— Арцём у выніку з Цімаці сустрэўся?

— Насамрэч, ён ні з кім не хацеў фатаграфавацца. Мы яго проста ўбачылі.

— Ведаем, што ў Арцёма ўжо ёсць аўтограф Цімаці, які яму падарыў пасол Расіі ў Беларусі.

— Ды ёсць. Для поўнага шчасця было дастаткова проста ўбачыць Цімаці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?