Міжнародная федэрацыя журналістаў выказала заклапочанасць прымяненнем закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» ў Беларусі.

Ліст, падпісаны генеральным сакратаром МФЖ Эйданам Уайтам, накіраваны на імя прэзідэнта Беларусі, генеральнага пракурора і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Ён тычыцца справы аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў, надрукаваных у №№ 7—8 часопіса «ARCHE‑Пачатак». Нагадаем, што справу, ініцыяваную КДБ, пачне разглядаць суд Маскоўскага раёна Брэста 25 лютага.

«Практыка, якую ўжывае КДБ, — гэта выкарыстанне судовай сістэмы для блакавання і ўціску незалежнай журналістыкі ў краіне, бо матэрыялы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі«, падлягаюць знішчэнню. Насамрэч, артыкулы, пра якія ідзе гаворка, тычацца пытанняў, цікавых для грамадства, — асабліва зараз, калі ў Беларусі набліжаюцца выбары і працягваюцца перамовы з Еўрапейскім звязам — абедзве гэтыя тэмы былі закранутыя ў канфіскаваных нумарах часопіса», — гаворыцца ў лісце.

«МФЖ выказвае пратэст супраць умяшальніцтва дзяржавы ў свабоду прэсы і заклікае ўлады спыніць падобную практыку.
Трэба пакінуць пытанні рэдакцыйнай палітыкі медыяпрафесіяналам, а любыя пытанні ў гэтай галіне найлепш вырашаюцца пры дапамозе механізмаў самарэгуляцыі галіны», — падсумоўвае свой зварот генеральны сакр­атар МФЖ Эйдан Уайт.

Міжнародная федэрацыя журналістаў — найбуйнейшае аб’яднанне журналістаў у свеце. У яе склад уваходзяць больш за 600 тысяч чалавек з 123 краін, у тым ліку сябры ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». ГА «БАЖ» з’яўляецца асацыяваным сябрам МФЖ з 1997 года.

baj.by

Глядзі таксама:
Следство скончана, цяпер будзе суд

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0