Як паведамляе прэсавая служба «Маладога фронту», сёньня ў галоўным вайсковым шпіталі Міністэрства абароны Беларусі сябру арганізацыі, нядаўна забранаму ў войска Зьмітру Хведаруку была зробленая апэрацыя на вене.

Па словах Зьмітра Хведарука, пасьля апэрацыі ён адчувае сябе добра.

Раней падчас мэдычнага абсьледаваньня ў войску высьветлілася, што Хведарук хворы на варыкознае пашырэньне венаў і яму патрэбная апэрацыя. Сьпярша плянавалася, што празь недахоп месцаў у шпіталі апэрацыю зробяць толькі 14 красавіка, аднак потым лекары зьмянілі рашэньне.

Нагадаем, Зьмітра Хведарука 28 студзеня затрымалі дома і адвезьлі ў ваенкамат. Зьміцер вучыўся ў багаслоўскім каледжы на дзённым аддзяленьні. Вайскоўцы паведамілі, што каледж на цяперашні момант ня мае ліцэнзіі, і таму яны лічаць, што ў Зьмітра няма ўважнай прычыны для адтэрміноўкі ад службы. Ім не перашкодзіла й тое, што Зьмітра судзілі ў 2006 годзе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Хлопца адвезьлі спачатку ў міліцыю, а потым у турму — адбываць 10 сутак за ўдзел у леташняй акцыі 1 траўня. 29 студзеня яго прывезьлі з турмы ў паліклініку, дзе ён адмовіўся праходзіць абсьледаваньне. Нягледзячы на гэта, мэдыкі далі заключэньне, што ён прыдатны для вайсковай службы.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0