Летась у эфіры Радыё Свабода скончылася другая частка праекту "Начная чытанка" – цягам 2007-2008 гадоў на радыёхвалях прагучалі яшчэ 50 аўтараў і перакладчыкаў. Як і ў першай частцы "Начной чытанкі", гучала паэзія і проза, ўласныя творы і пераклады ад літаратараў розных пакаленьняў. Сярод іх напрыклад Славамір Адамовіч. Уладзімер Арлоў, Наталка Бабіна, Генадзь Бураўкін, Пятро Васючэнка, Галіна Дубянецкая, Павал Касьцюкевіч, Алег Мінкін, Людміла Рублеўская, Тацяна Сапач, Васіль Сёмуха, Сяргей Законьнікаў.

Цяпер творы гэтай паўсотні літаратараў разам зь іх біяграфіямі і фатаздымкамі выходзяць на мультымэдыйным дыску. Прэзэнтацыя дыску з удзелам аўтараў адбудзецца

ў Менску 2, 3 і 4 сакавіка ў 19.00 у фальварку "Добрыя мысьлі" (вуліца Магілёўская, 12), а ў Магілёве 5 сакавіка ў 18.30 у цэнтры "Кола сяброў" (завулак Чкалава 16).

Уваход вольны. Колькасьць месцаў абмежаваная, але кожны наведнік атрымае бясплатны дыск.

Першы такі дыск "Начной чытанкі" выйшаў у сьвет у 2007 годзе накладам тысячу асобнікаў і даволі хутка разышоўся, але цяпер можна спампаваць альбо дыск цалкам, альбо запісы асобных аўтараў.

На першым дыску таксама рэчы розных жанраў. Да прыкладу, Лявон Вольскі і Адам Глёбус чыталі свае казкі, Віктар Шалкевіч - міні-п'есы, Альгерд Бахарэвіч, Ева Вежнавец і Югася Каляда - апавяданьні. Ёсьць таксама і пераклады - Сяржук Мядзьведзеў чытаў урыўкі з пакуль не надрукаванай па-беларуску кнігі амэрыканца Чака Паланюка "Байцоўскі клюб", Вeраніка Бяльковіч - зь першай кнігі сэрыі сучаснай чэскай літаратуры, раману Ганы Андранікавай "Гук сонечнага гадзіньніка". А найбольш у першай "Начной чытанцы" паэзіі - свае вершы чыталі паэты розных пакаленьняў - сярод іх Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў, Міхал Анемпадыстаў, Джэці, Віктар Жыбуль, Вальжына Морт, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0