Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з журналістамі ў Вене адказаў на пытанне аб магчымасці адмены ў Беларусі смяротнага пакарання, перадае БелТА.

«Адказваючы прама на ваша пытанне: рэферэндум вырашыў гэту праблему. Толькі рэферэндум можа яго адмяніць. Мы ў гэтым напрамку рухаемся», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ЕС ад Беларусі патрабуе ўжо адмены смяротнага пакарання.

«І, вядома, мы да гэтага абыякава ставіцца не можам, калі ўжо зусім шчыра. І вельмі часта праводзім апытанні наконт адмены смяротнага пакарання. Нічога з таго часу, як пытанне было вырашана на рэферэндуме, не змянілася. Ці варта гэта пытанне сёння выносіць на рэферэндум, каб атрымаць адмоўны адказ. Думаю, не варта. Таму мы дамовіліся некалі з палітыкамі ў Бруселі ў гэтым напрамку працаваць разам. І выпрацавалі нейкі план, дарожную карту па рабоце з беларускім грамадствам. Мы ў гэтым напрамку рухаемся. Спешка тут можа толькі нашкодзіць», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне ўзняўшай гэту тэму аўстрыйскай журналістцы, якое меркаванне грамадзян гэтай краіны наконт смяротнага пакарання.

«Не ведаеце… У гэтым і сутнасць вашай дэмакратыі, з аднаго боку, — заўважыў ён. — Каб вось так патрабаваць ад некага, разважаць на гэту тэму, трэба ведаць, што ў цябе думае грамадства па гэтым пытанні». Аляксандр Лукашэнка таксама прывёў прыклад, што Аўстрыя падтрымлівае добрыя адносіны з ЗША, Кітаем.

«Пры сустрэчах з імі вы ім задавалі аналагічнае пытанне? Думаю, не. Няхай гэта будзе таксама рытарычным пытаннем», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Што датычыцца Савета Еўропы і нашага членства: прымеце — дзякуй, не — пацерпім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0