У Віцебску ў начны час, з 1.00 да 5.00, сталі адключаць вулічнае асвятленне.

Як паведамілі БелаПАН у прэс‑службе Віцебскай гарадской ЖКГ, такое распараджэнне ў мэтах эканоміі энергарэсурсаў выдаў Віцебскі гарвыканкам. Першае адключэнне адбылося ў ноч з 23 на 24 лютага. Энергазберагальны рэжым вулічнага асвятлення будзе дзейнічаць штодня, апрача выхадных і святочных дзён. На працягу чатырох гадзін не гараць ліхтары па ўсім горадзе, у тым ліку на магістральных вуліцах. У гэты адрэзак часу асвятляюцца толькі Прывакзальная плошча з чыгуначным і аўтобусным вакзаламі і прылеглыя да яго вуліцы. Падсветка манумента «Тры штыкі» на плошчы Перамогі цяпер ажыццяўляецца да 21.00.

Паводле папярэдніх разлікаў, адключэнне па начах вулічнага асвятлення дапаможа гарадскому бюджэту зэканоміць у год да 1 млрд. рублёў.

Раней у інтэрв’ю БелаПАН начальнік упраўлення аховы правапарадку МУС Аляксандр Барсукоў заявіў, што міністэрства негатыўна ставіцца да рашэння ўладаў шэрагу рэгіёнаў краіны аб адключэнні асвятлення на вуліцах у начны час.

Паводле слоў А.Барсукова, пазіцыя МУС адназначная: асвятленне павінна быць, інакш ствараюцца ўмовы для ўчынення злачынстваў і правапарушэнняў. «Эканомія на здароўі людзей — гэта няправільная эканомія», — падкрэсліў прадстаўнік МУС.

Начальнік упраўлення аховы правапарадку зазначыў, што ў органаў унутраных спраў ёсць рычагі ўздзеяння на мясцовыя органы ўлады, аж да звароту да старшыняў аблвыканкамаў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0