Пра гэта ў сваім фэйсбуку напісала заўзятарка зборнай Беларусі Алеся Белановіч-Петц.

«У мінулую суботу, 16 лістапада, я знаходзілася на матчы Германія — Беларусь на стадыёне Borussia Park. Напрыканцы матча, на выхадзе з прыбіральні (блок 11), да мяне падбегла супрацоўніца аховы, разгарнула мой шалік і, паказаўшы на «Пагоню», заявіла, што на маім шаліку «забаронены сімвал». На маю просьбу растлумачыць, дзе і калі гэты сімвал стаў забароненым, я не атрымала адказу. Толькі разгублены паўтор: «Гэта забаронена».

«Я вярнулася на сваё месца на стадыёне, услед за мной рушылі супрацоўніцы стадыёна і выклікалі цэлы атрад сцюардаў на дапамогу. Там мяне зноў папрасілі зняць «забаронены сімвал». Здаць шалік я адмовілася, пасля чаго мне сталі пагражаць вывесці са стадыёна».

Заўзятарка адзначае, што пра падобныя здарэнні ёй расказвалі і яе сябры з гасцявога сектара. У адных забралі сцягі, іншых нават не пусцілі на стадыён.

Заўзятары мяркуюць, што такое магло адбыцца толькі па просьбе прадстаўнікоў афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Падобныя прэцэдэнты здараліся раней. 

Яны сцвярджаюць, што падчас папярэдняй гульні ў Эстоніі мясцовыя сцюарды атрымалі інструкцыю і не пускалі людзей на стадыён з бел-чырвона-белымі сцягамі і «Пагоняй». Фанаты былі вымушаныя праносіць сімволіку пад адзеннем. 

«АБФФ не накіроўвала афіцыйных лістоў, якія тычацца сімволікі ні ў Нямецкі футбольны саюз, ні ў федэрацыю футбола Чарнагорыі», — запэўніваюць «Нашу Ніву» ў прэс-службе АБФФ.

У арганізацыі дадаюць, што звярталіся да арганізатараў матча ў Германіі толькі з просьбай узмацніць меры бяспекі на ўваходзе ў фанацкі сектар, каб заўзятары не пранеслі піратэхніку. Бо пасля гульні ў Эстоніі на федэрацыю наклалі санкцыі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?