Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня падпісаў Указ нумар 396 "Аб долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў".

Як паведамілі БЕЛТА у прэс-службе кіраўніка дзяржавы, гэтым дакументам зацверджаны новыя правілы долевага будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў. Указ упершыню комплексна ўстанаўлівае адзіныя правілы ажыццяўлення для грамадзян і арганізацый долевага будаўніцтва жылых і нежылых памяшканняў у шматкватэрным жылым доме і звязаных з ім аб'ектаў нерухомай маёмасці, уключаючы гаражы, стаянкі, спартыўныя пляцоўкі і да т.п. У дакуменце таксама поўна і канкрэтна рэгламентуюцца пытанні ўсіх этапаў такога будаўніцтва - ад вызначэння паняццяў, парадку заключэння дагавораў стварэння аб'ектаў долевага будаўніцтва да кантролю выканання гэтых дагавораў. Прадугледжваюцца меры, што забяспечваюць абарону правоў дольнікаў ад дзеянняў нядобрасумленных забудоўшчыкаў.

Устанаўліваецца забарона на прыцягненне сродкаў дольнікаў забудоўшчыкамі, якія маюць запазычанасць па плацяжах у бюджэт і пазабюджэтныя фонды, не маюць неабходных дакументаў для будаўніцтва (праектнай дакументацыі, спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), дакументаў, якія засведчваюць права на зямельны ўчастак, дагавора будаўнічага падраду і інш.).

Замацоўваюцца таксама меры па прадухіленню спекуляцый на рынку жылля. Так, забудоўшчык не мае права аддаваць перавагу адной асобе перад другой адносна заключэння дагавора, акрамя выпадкаў, прадугледжаных законамі або рашэннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адмова забудоўшчыка ад заключэння дагавора пры наяўнасці ў яго магчымасці выканаць умовы дагавора не дапускаецца.

Пры будаўніцтве шматкватэрнага жылога дома не менш як 50 працэнтаў дольнікаў павінны быць фізічнымі асобамі, за выключэннем выпадкаў, калі будаўніцтва вядзецца для дзяржаўных патрэб, а таксама калі да забудоўшчыка не звярнулася неабходная колькасць грамадзян з прапановай аб заключэнні дагавораў.

Юрыдычныя асобы не маюць права абцяжарваць залогам або прадаваць прыналежныя ім аб'екты долевага будаўніцтва на працягу 3 гадоў з дня атрымання іх ва ўласнасць па дагавору, за выключэннем продажу мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу па цане не большай за цану дагавора.

Гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на выпадкі будаўніцтва, адчужэння аб'ектаў долевага будаўніцтва ў сельскай мясцовасці ў адпаведнасці з рашэннямі прэзідэнта Беларусі.

Дакументам рэгламентуецца таксама парадак заключэння дагавора стварэння аб'ектаў долевага будаўніцтва і ўстанаўліваецца яго тыпавая форма. Дакладна і вычарпальна вызначаны падставы і парадак змянення цаны дагавора з тым, каб выключыць самавольства забудоўшчыка. Гэта на практыцы таксама павінна садзейнічаць зніжэнню кошту будаўніцтва.

Удакладняюцца тэрміны долевага будаўніцтва (устанаўліваецца яго гранічны тэрмін, які адразу вызначаецца ў дагаворы з дольнікам у адпаведнасці з праектнай дакументацыяй і не можа перасягаць трох гадоў з дня заключэння гэтага дагавора). Прадаўжэнне тэрміну долевага будаўніцтва магчыма толькі ў выключных выпадках, вызначаных ва ўказе.

Уводзіцца адміністрацыйная, эканамічная і грамадзянска-прававая адказнасць бакоў дагавора за невыкананне або неналежнае выкананне абавязацельстваў, у тым ліку за парушэнні патрабаванняў да якасці, цэнаўтварэння, за парушэнні тэрмінаў выканання абавязацельстваў. Пры гэтым штрафы на забудоўшчыкаў мець права будуць накладаць упаўнаважаныя службовыя асобы органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства фінансаў і фінансавых упраўленняў (аддзелаў) мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду.

Узмацняецца абарона правоў спажыўцоў. Грамадзяне і арганізацыі вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны з іскавых заяў, заяў і скаргаў, што падаюцца ў суды і органы пракуратуры ў сувязі з заключэннем, выкананнем або спыненнем дагавораў стварэння аб'ектаў долевага будаўніцтва. Гэта мера дасць магчымасць усім бакам долевага будаўніцтва вырашаць пытанні, што ўзнікаюць, цывілізаваным шляхам у судах без неабходнасці звароту ў іншыя дзяржаўныя органы.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0