У праграме «Клуб рэдактараў» на БТ-1 кіраўнікі дзяржаўных СМІ выказаліся пра ціск з боку Расіі на Беларусь праз СМІ.

Падчас перадачы кіраўнікі беларускіх СМІ закранулі ролік на тэлеканале Euronews, прысвечаны беларускім выбарам.

Генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч заўважыла, што сюжэт з'явіўся толькі ў рускамоўным эфіры, а на англамоўным канале Euronews яго не было. Таму яна выказала здагадку, што гэты матэрыял цалкам магчыма быў замоўлены не заходнімі суседзямі Беларусі.

«Я не ўпэўненая, што Брусель так ужо быў зацікаўлены ў гэтым матэрыяле. Часам хочацца паўплываць на Беларусь з розных бакоў, і, па-мойму, гэта таксама магчымасць прамацаць. Мне здаецца, гэты матэрыял можна разглядаць і так таксама», — дадала кіраўніца агенцтва.

Галоўны рэдактар ​​«Советской Белоруссии» Дзмітрый Жук згадаў пра артыкул расійскай газеты «Коммерсантъ», у якой на днях выйшаў матэрыял з Вашынгтона: у сталіцы ЗША, па словах аўтара, разважалі, як дапамагчы Беларусі, не дапамагаючы Лукашэнку.

«Адкрытая заказуха. Ніколі гэтага не было бачна», — заявіў ён.

Кіраўнік тэлеканала АНТ Марат Маркаў заўважыў, што матэрыял у газеце «Коммерсантъ» падобны да сюжэта Euronews: «Тэхналогія тая ж. Нават падбор слоў аднолькавы чамусьці».

Дзмітрый Жук, працягнуўшы дыскусію, нагадаў, што Беларусь не ўпершыню сутыкаецца з ціскам напярэдадні падпісання дамоўленасцей з Расіяй.

«Вось навошта гэта робіцца?» — задаў ён рытарычнае пытанне.

Акуловіч згадала аб нядаўнім візіце Аляксандра Лукашэнкі ў Вену і паездцы прэм'ер-міністра Сяргея Румаса ў Лондан, звярнуўшы ўвагу, што ў Беларусі выстройваюцца дастаткова блізкія адносіны з заходнімі суседзямі.

«Цалкам магчыма, гэта раздражняе, і выкарыстоўваюцца ўжо трохі іншыя метады, больш вострыя», — апісала яна дзеянні расійскага боку.

Кіраўнік АНТ Марат Маркаў быў больш рэзкім: «Галоўнае, каб нашы саюзнікі не блыталі гнуткасць пазіцыі з гнуткасцю спіны. Калі сапраўды сяброўскія, узаемавыгадныя адносіны, давайце сябраваць без аніякіх праблемаў. Мы рэальна гатовыя супрацоўнічаць. Але калі (прабачце, можа быць некалькі ўтрыравана) як перад панам сагнуцца — тады не трэба, дзякуй. Мая пазіцыя такая».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0