Дакумент аб выдзяленні Беларусі другога транша расійскага крэдыту ў памеры 1 млрд. даляраў ЗША для падтрымання курсу беларускага рубля плануецца падпісаць у Маскве ў найбліжэйшыя дні.
Пра гэта паведаміў журналістам прэм'ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падчас візіту ў Санкт‑Пецярбург 27 лютага.

«Нашы эксперты цяпер знаходзяцца ў Маскве, каб ужо сёння‑заўтра падпісаць гэты дакумент», — цытуе Сідорскага РІА Новости.

Прэм'ер нагадаў, што згодна з дамоўленасцю прэзідэнтаў дзвюх краін гэтыя сродкі павінны былі паступіць у Беларусь у лютым. Аднак Міністэрства фінансаў Расіі, паведаміў Сідорскі, звярнулася да беларускіх партнёраў з просьбай раздзяліць іх на два траншы — па 500 млн. даляраў у лютым і сакавіку.

Першы транш стабілізацыйнага крэдыту — 1 млрд. даляраў — паступіў у Беларусь у лістападзе 2008 года.

Акрамя таго, беларускія ўлады запыталі ў Расіі крэдыт у памеры 100 млрд. расійскіх рублёў у абмен на пераход на разлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі. Рашэнне па гэтым запыце пакуль не прынятае, зазначае РІА Новости.

«Ва ўмовах фінансавага крызісу мы б маглі на пляцоўцы Расія—Беларусь дастаткова эфектыўна працаваць з расійскімі рублямі, — сказаў Сідорскі ў Санкт‑Пецярбургу. — У асноўным па праплатах, якія робяцца Беларуссю па асобных групах тавараў, няма неабходнасці працаваць праз вашынгтонскую сістэму банкаў. На працягу лютага — сакавіка мы павінны выйсці на пляцоўку адкрыцця працы беларуска‑расійскіх тавараў ва ўмовах крызісу. У лютым — сакавіку рэальна запусціць 100 мільярдаў расійскіх рублёў у тавараабарот паміж нашымі дзяржавамі».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0