Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў была выдаленая рэкордная колькасць назіральнікаў, расказала дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ 24 лістапада старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, піша Радыё Свабода.
За ўвесь час выбараў выдалілі 105 назіральнікаў, з якіх 35 за «фальшывыя дакументы аб вылучэнні» і 70 за «парушэнне законаў», расказала Ярмошына. Пасля гэтага астатнія назіральнікі «ўжо падумалі, што трэба неяк іначай сябе паводзіць, стрымліваць сябе і памятаць, што яны інтэлігентныя людзі».
Паводле Ярмошынай, «усе арганізатары выбараў» кажуць, што нядаўняя выбарчая кампанія была «найбольш канфліктнай і скандальнай». З некаторымі з «арганізатараў» нават судзіліся, дадала яна.
«Асабліва яна [выбарчая кампанія] была складаная тым, што з моманту з'яўленьня назіральнікаў АБСЕ, заходніх назіральнікаў, асабліва кароткатэрміновых, пэўныя палітычныя сілы сталі спрабаваць даказаць і паказаць усяму свету, што ў нас усё вельмі дрэнна», — адзначыла старшыня ЦВК.
Вядоўца перадачы Юры Гроераў заявіў, што ў час выбарчай кампаніі адбыліся правакацыі, былі «цкаванне і пераслед» чальцоў выбарчых камісіяў. Ярмошына адказала, што ЦВК «дапамагла расставіць акцэнты» ў гэтых выпадках.
«А нашыя выбарчыя камісіі разгубіліся, разгубіліся выбарнікі, — расказала Ярмошына. — Гэта беларусы, яны ж безабаронныя перад нахабнікамі. У нас ёсць такая нацыянальная рыса: мы губляемся. Нахабныя, агрэсіўныя задаюць тон часцяком. Таму нашая памяркоўнасць, талерантнасць, яна, вядома, тут выконвае пэўную ролю».
