Менавіта такі слоган 28 лютага вісеў у актавай залі Дому культуры МТЗ, дзе праходзіў Устаноўчы з’езд партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. За апошняе дзесяцігоддзе гэта толькі другая спроба зарэгістраваць у краіне палітычную партыю.
Першую ў 2007 годзе рабіў Уладзімір Навасяд, але Мін’юст адмовіўся рэгістраваць ягоную Партыю свабоды і прагрэсу.

Аргкамітэт БХД пачаў працу яшчэ ў 2005 годзе, але да актыўнай справы па рэгістрацыі хадэкі падышлі толькі зараз. Аргкамітэт доўга не мог знайсці памяшкання для працы з’езду, некаторыя нават былі гатовыя праводзіць яго на плошчы. Аднак урэшце быў атрыманы дазвол ад Мінгарвыканкаму.

У шэрагі заснавальнікаў БХД увайшло 1060 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. На з’ездзе ж прысутнічала 206 дэлегатаў.

Што праўда, у палацы МТЗ у гэты дзень хапала людзей з іншых палітычных сіл. Напрыклад, на з'ездзе прысутнічаў кіраўнік Мінскага абласнога БНФ Зміцер Вінаградаў з Мядзела. Быў заўважаны і палескі фермер Мікалай Гаўрыленка, які балатаваўся на пасаду старшыні АГП.

З’езд пачаўся агульнай малітвай «Ойча наш», а таксама выкананнем гімну «Магутны Божа». Пасля чаго рэй адразу ўзяў адзін з сустаршынь БХД Павел Севярынец. Ён пералічыў тых людзей, якія сваёй працай найбольш спрычыніліся да стварэння беларускай хадэцыі.

Двое з гэтага спісу не змаглі прысутнічаць у залі. Гамяльчанін Кастусь Жукоўскі гэтымі днямі адбывае сямісутачнае пакаранне ў ізалятары за акцыю ў абарону беларускай мовы, а ў пастара Эрнэста Сабілы праблемы са здароўем.

Ажыўленне ў залі выклікала імя і прозвішча старшыні падліковай камісіі — Аляксей Шыдлоўскі. Няўжо той самы, які нядаўна атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі? Аж не, не той.

У сваім справаздачным выступе Севярынец адзначыў, што сёння краіна патанае ў грахах, а для таго, каб нешта змяніць людзям трэба цвёрдае апірышча і гэтым апірышчам можа стаць БХД. «Беларуская хрысціянская дэмакратыя стане маральнай базай для дэмакратычных перамен.

Мы не ствараем яшчэ адну апазіцыйную партыю, мы ствараем альтэрнатыву. Мы верым, што з дапамогай Божай волі Беларусь зажыве па прынцыпах праўды свабоды і справядлівасці. БХД ставіць сабе задачу ператварыцца ў вядучую партыю краіны. БХД — гэта партыя перамогі.
У нас часта пытацца, дзе мы змаглі ўзяць столькі людзей. Любоў — гэта крыніца натхнення для БХД. Любоў да Бога, да чалавека, да Беларусі», — сказаў П.Севярынец.

Яшчэ адзін сустаршыня і імаверны кандыдат на пасаду прэзідэнта ад хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі зазначыў, што сёння ў партыю ўваходзіць 45% праваслаўных, 31% пратэстантаў і 13% каталікоў. Ён назваў адной з галоўных далейшых мэтаў стварэнне правацэнтрысцкай кааліцыі для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. А сярод стратэгічных партнёраў назваў Рух за Свабоду, Партыю БНФ, «Малады фронт».

Дарэчы, кандыдат на пасаду прэзідэнта ад БХД на з’ездзе так вылучаны і не быў. Вырашылі перанесці на больш позні тэрмін.

Потым былі выступы яшчэ двух сустрашынь — Георгія Дзмітрука з Кобрына і Аляксея Шэіна. Апошні відавочна спрабаваў паўтараць стылі тэлеевангелістаў, ходзячы з мікрафонам па сцэне. Шэін сярод іншага засяродзіўся на пераемнасці сённяшняй БХД з той, якая дзейнічала ў 1920‑ых.

Усе выступоўцы шмат гаварылі пра п’янства, аборты, самагубствы, як прыкметы цяперашняга часу. З’явы, з якімі трэба весці барацьбу.

Адзіным святаром, які прамаўляў у залу са сцэны, стаў ксёндз Юры Барок з Глыбокага, які зазначыў, што альбо ў Беларусі будзе хрысціянская дэмакратыя, альбо не будзе ніякай.

Плаўна чарга перайшла да гасцей з’езду.

Слова мелі амаль усе прадстаўнікі апазіцыйнай палітычнай эліты — Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Казулін, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч. Добрая магчымасць параўнаць стылістыку выступаў і харызму палітыкаў. Як падалося з залі, найбольш годна глядзеўся Анатоль Лябедзька.
Напрыканцы свайго выступу лідэр АГП перадаў прэзідыуму новай партыі папку дэпутата Вярхоўнага Савету 13‑га склікання. Як сімвал, ад былых дэпутатаў — будучым.

Зрэшты, не ўсе словы Лябедзькі знайшлі разуменне ў іншых гасцей. Напрыклад, старшыня АГП прапанаваў хадэкам увайсці ў склад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. На гэта з рэзкай крытыкай выступіў лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, які сказаў, што ягонай арганізацыі там не месца, пакуль у АДС знаходзяцца камуністы. У сваёй антыкамуністычнай рыторыцы Дашкевіч не стрымліваўся: «Нельга сядзець на адной лаве паміж Богам і шатанам».

Яшчэ Дашкевіч заклікаў не баяцца быць нацыяналістамі і ды двухсэнсоўна працытаваў Біблію:

"Яшчэ тымі днямі бачыў юдэяў, якія пабралі сабе ў жонкі азамецянак, аманіцянак і маавіцянак

і ад таго сыны іх на палову гавораць па-азоцкі, ці мовай іншых народаў, і не ўмеюць гаварыць па-юдэйскі.

Я зрабіў ім за гэта вымову і праклінаў іх, і некаторых з мужоў біў, рваў у іх валасы, і заклінаў іх Богам…”" (Кніга Нееміі, 13:23-25".

Прыкладна а трэцяй гадзіне БХД можна было лічыць сфарміраванай. Была прынятая праграма і статут партыі. Падчас выбараў сустаршынь сенсацый таксама не адбылося, пасады занялі Павел Севярынец, Аляксей Шэін, Віталь Рымашэўскі і Георгій Дзмітрук.
Кіраўнічым органам стала Нацыянальная рада, у скалад якой увайшло 70 чалавек. Сярод іх былыя палітвязні Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Андрэй Кім, пастар Эрнэст Сабіла, бард Андрэй Мельнікаў.

Дзён праз дзесяць сябры партыі збіраюцца падаваць дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. А за тым у выпадку станоўчага адказу, як кажуць, непачаты край работы. Той самы Віталь Рымашэўскі напярэдадні з’езду гаварыў, што ідэі БХД гатовыя падтрымаць 80% жыхароў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?