П’еса францускага аўтара «Сталін», у спэктаклі два акторы, яны размаўляюць дзьве гадзіны дваццаць хвілінаў, не адарвацца. Прычым фактура ўся вядомая: Міхоэлс, здарэньне ў Менску, габрэйскі антыфашысцкі камітэт, дактары‑забойцы, касмапаліты, сіяністы, якія прадаліся за фунты стэрлінгаў і шэкелі (цытую па памяці тагачасныя перадавіцы газэтныя), генэрал Ўласік, наш зямляк і г.д.

Уласна кажучы, размова круціцца вакол шэксьпіраўскага караля Ліра, выканаўца ролі, стары актор Абрамовіч выкліканы да правадыра ў габінэт на дачы. Яму страшна, Сталін выказвае сваю трактоўку паводзінаў Ліра, зыходзячы з уласнай дзейнасьці, Абрамовічу страшна, што той падазрае, што на сцэне ён намякае зусім не на караля… Яны п’юць гарэлку «Рускую», Сталін падлівае, хаця мэмуарысты: ён ‑‑ грузін, таму віно піў. Але французу падабаецца, каб гарэлку і гэта адпавядае праўдзе рэчаіснасьці тагачаснай, хай будзе гарэлка.

А ў мяне ў галаве складаецца плян ня менш цікавы: на размову да правадыра дастаўлены гэтым раз сам Бог. Выбудоўваецца лінія паводзінаў гаспадара, ягоныя пытаньні. Напрыклад: «Выбачай за нясьціплае пытаньне: ты сам як хрысьцішся ‑‑ справа налева, як належыць, ці наадварот, не па‑наску?» Бог высакародна ўзьнімае бровы, не адказвае. Гаспадар мусіць працягваць, каб у спэктаклі не было паўзаў: «Ты Гагарына бачыў, ці не? Ён цябе ‑‑ не», а мы па целіку глядзелі. Цікаўнасьць гаспадара цалкам зразумелая: перад ім Бог уласнай асобай, хочацца як мага больш распытаць, выкарыстаць нагоду.

Пытаньні ўзьнікаюць самі сабой. Калі чорным бэрэтам пабудавалі царкву, правільна, ці не? Што ім там рабіць? Даклад, калі на памесным саборы чытаць, на колькі часу рабіць, у якім стылі лепш? Прэйскурант у царкве: ці не загадаць зьнізіць? «Грошы пахнуць ладанам» надрукавала газэта, закрыць, ці толькі даць папярэджаньне? Калі Казьмадзям’янскі храм, перароблены на басэйн, перабудаваць назад на царкву, ЮНЕСКО возьме ці не?

Богу цяжка, ён не прызвычаены да плоймы пытаньняў адразу, прычым у неадпаведных для сябе ўмовах аўдыенцыі з прысмакам допыту. Але ў гаспадара назапасілася іх мноства. Яму карціць пацікавіцца, як Бог успрыняў, што сьціналі званы, выкідалі на двор мошчы, руйнавалі храмы, ці не пакрыўдзіўся? Але ён апускае іх і першы раз абыходзіцца без пытальнікаў, са значэньнем у голасе паведамляе, што дае зь бюджэту на храмы. Бог мусіць зрабіць лагодна‑зьдзіўленыя вочы. Зараз у мяне самога пытаньнейка: Бог мусіць дзякаваць, ці гэта не адпавядае яго статусу?

А як ты ўспрымаеш крылаты выраз, што ўсякая ўлада ад Бога? Ты даваў на мяне санкцыю? Ня хочаш адказваць? Вось я на цябе даў, калі прысьпічыла, канешне. Бог раптам абзываецца: «І што, дапамагло?» Як бачыш… Знаеш, на языку ўсё круцяцца гэтыя «кесару ‑‑ кесарава» і гэтак далей, аскомныя прымаўкі‑прыказкі. А вось ты мне скажы: улада ад Бога, ці, наадварот, Бог ад улады? Цяжкае пытаньне для цябе, некарэктнае, гаворыш? А чаму ты не папярэдзіў праз сваіх папоў, што Адольф нас падмане? Маўчыш? Няма чаго сказаць, ясна. Нашкодзіць хацеў, крыўду затаіў, па тыпу: маё дзела ‑‑ старана, хата скраю…

Мне ўспамінаюцца анекдоты пра Сталіна, якія Сталін у францускай п’есе прымушае расказваць актора Абрамовіча, каторы разумее, што падпісвае сабе прысуд, але адмовіцца ад подпісу ня можа. Д’ябэльская гульня, словам. Сталіна міжволі цягне на фальклёрны лад, бо з Богам размовы весьці ‑‑ гэта ня маршалам загады аддаваць. Пагатоў Бог нібы сам выклікае такі накірунак сваім шаблённым выглядам нібы з францускіх коміксаў: доўгі балахон і драцяны арэол над белай галавой, сам ён сівы барадаты дзядок, але адначасова са сьветлым абліччам нібы са старога праваслаўнага абразу, бо размова адбываецца ў краіне ўсходняга блёку.

Пакуль гром не грымне, рускі мужык не перахрысьціцца, чым растлумачыш? Не ў тваёй кампэтэнцыі? Не багі гаршчкі абпякаюць, значыцца мужык сам усё патрапіць пры пільнай патрэбе? На Бога спадзявайся, а сам не губляйся. Богу маліцца ‑‑ нічога не дабіцца, усё гэта ‑‑ народная мудрасьць, згадзіся. Беў цара ў галаве гавораць, а бяз Бога ‑‑ не, што скажаш? Бог у сэрцы? Сэрца ‑‑ гэта мэханізм, помпачка, мазгі ‑‑ гэта ўсё ‑‑ розум, пачуцьці, страхі, словам ‑‑ сам чалавек. Але без мэханікі нікуды, маеш рацыю, Бог…

Вось так: «канцэнтрат» п’есы ў мяне атрымаўся, можна сказаць бадай. Роля Бога засталася зрэшты неагучанай, цяжка паставіць сябе на яго месца, нават на тэатральнай сцэне, хаця для некаторых гэта звычайная справа… Як вядома, у Большага брата абвесьцілі ўсенародны конкурс на самага славутага расейскага героя і выбралі адназначна Сталіна. Арганізатары спалохаліся, што на Захадзе і ўвогуле ў сьвеце з жахам успрымуць гэткі твар сучаснай Расеі і ўсё перайгралі. У выніку толькі праз паўгады Сталіна ўдалося перасунуць на ганаровае трэцяе месца. Такім чынам, Большы брат сёньня ‑‑ двухаблічная галава: з аднаго боку Бог, з другога ‑‑ Сталін. Жуйка на расейскім абцасе таксама мае яго на покуці…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?