Фота са старонкі Эдуарда Пальчыса ў ФБ.

Фота са старонкі Эдуарда Пальчыса ў ФБ.

У прысутнасці вялізнай грамады труны паўстанцаў 1864-га перапахавалі ў Вільні ў каплічцы на могілках Росы. 

Людзі нанеслі ў капліцу з трунамі паўстанцаў кветак, вянкоў, усё гэта пакінулі ля спецыяльнай агароджы, а ўжо на самым ганаровым месцы стаялі вянкі ад урадаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі і Украіны. 

Беларускі вянок, натуральна, з чырвона-зялёнай стужкай.

І гэта бадай што адзіны напамін пра афіцыйную сімволіку, бо больш афіцыйная сімволіка ні ў якім выглядзе на перапахаванні Каліноўскага не прысутнічала, беларусы ўзялі з сабой толькі нацыянальныя бела-чырвона-белыя сцягі. 

Як расказаў «Нашай Ніве» мінскі артапед Аляксандр Дрозд, ён вырашыў выправіць гэтую недарэчнасць у капліцы і папрасіў літоўскую варту дазволіць паставіць вянок з бела-чырвона-белай аздобай: «Бо гэта — вянок ад народу, а той — ад уладаў». 

«Наша Ніва» даведалася, хто менавіта прынёс менавіта гэты вянок. 

«Там было два такія вянкі — адзін Каліноўскаму, а другі — Серакоўскаму, — расказаў нам віленскі прадпрымальнік Кірыл Атаманчык. — І яшчэ 19 маленькіх — кожнаму паўстанцу. Вянкі былі замоўленыя за народныя сродкі Беларускім грамадскім камітэтам ушанавання памяці паўстанцаў 1863—64 гадоў. А два вялікія вянкі неслі выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Кастусь Манкус і Уладзіслаў Гурыновіч», — кажа Атаманчык.

Фота са старонкі Уладзіслава Гурыновіча ў ФБ.

Фота са старонкі Уладзіслава Гурыновіча ў ФБ.

Варта адзначыць, што высокі ўзровень арганізацыі перапахавання — заслуга ў тым ліку Беларускага грамадскага камітэта, які стварыла супольна маладое пакаленне віленскіх беларусаў. Акрамя Атаманчыка, гэта Дзяніс Кучынскі і Аляксандр Адамковіч. У камітэт уваходзілі таксама прафесар гісторыі Алесь Смалянчук і кіраўнік ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец.

На вянкі ды іншыя патрэбы камітэт сабраў каля 2100 даляраў.

«Дзякуй Літве за тое, што зрабілі гэтую цырымонію на такім пачэсным узроўні», — адзначаюць таксама кіраўнікі ініцыятывы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?