Яшчэ не ўсе, здаецца, асэнсавалі ашаламляльную лічбу: беларускі экспарт у студзені абваліўся на 45%.

Не дапамагла шокавая дэвальвацыя, не ратуе і паўзучая. Наша экспартаарыентаваная эканоміка скурчваецца на вачах. Прычым незалежныя эканамісты цвердзяць, што гэта толькі пачынка, а будзе і цэлая аўчынка.

Яны ж крытыкуюць уладу за тое, што не зладзіла комплекснае рэфармаванне эканомікі тады, калі напоўніцу карысталася расійскай энергетычнай дурніцай. Тады б трансфармацыя магла атрымацца адносна бязбольнай. А прадаць актывы інвестарам можна было значна даражэй, чым зараз, падчас крызісу.

Наўрад ці на самым версе такія абухі, каб не разумець простых рынкавых ісцін.

Галоўным тормазам быў і застаецца страх страціць татальны палітычны кантроль у краіне.

Ну, што да расійскага капіталу, дык тут засцярогі пэўна падзяляюць і апаненты ўлады. Па-першае, ён, гэты капітал, патыхае норавамі браткоў. Па-другое, шчыльна знітаваны з Крамлём. Таму і вокам не міргнеш, як краіна будзе цалкам каланізаваная. Пакінуць на пацеху тутэйшым квазікнязькам прасавецкія герб са сцягам, пакінуць на шыі квазідзяржавы сацыяльны баласт: старых, нямоглых карміце самі! А з ласых кавалкаў уласнасці выціснуць усё дарэшты.

Але ж і заходні капітал паказвае нораў. Свежы прыклад: бунт «Велкома», за якім стаіць Telekom Austria. Гэты сотавы аператар насуперак урадаваму вокрыку не захацеў адкручваць назад тарыфы. Адрозна, заўважце, ад МТС, у якім кантрольны пакет належыць беларускай дзяржаве.

Асобна ўзятаму «Велкому», магчыма, і дадуць рады (тым болей што ў гэтым выпадку аўстрыйскі капітал прыйшоў не надта празрыста — і цяпер вось нарваўся на сваё, зазначаюць злыя языкі). Але ўявіце сабе, што замежных кампаній у краіне дзясяткі. Тут ужо надта рукі не выкруціш. Вось гэтага і засцерагалася ўвесь час найвышэйшае начальства.

Шырокая прыватызацыя пагражае размыць грунт жорсткага, безапеляцыйнага самаўладства.

Калі ўтворыцца крытычная маса адносна незалежнага капіталу (а яна будзе большаць па меры ангажавання ў еўрапейскія праграмы ды працэсы), то ён пачне пакрысе адваёўваць для сябе больш-менш цывілізаваныя рамкавыя ўмовы: і эканамічныя, і — у перспектыве — грамадска-палітычныя.

Разам з тым, пры ўсіх засцярогах дарога назад, у стойла камандна-адміністрацыйнай сістэмы адрэзаная, бо яе рэсурс вычарпаны.

Зараз тутэйшае начальства стаіць перад выклікам: трансфармацыя або калапс.

Найхутчэй што яно будзе дзейнічаць непаслядоўна і супярэчліва. Пакуль што, адзначаюць аналітыкі, кіраўніцтва краіны будуе стратэгію (калі гэта можна назваць стратэгіяй) са спадзевам на аптымістычны сцэнар. Нам бы, маўляў, да восені пратрымацца (за кошт крэдытаў ды паўмер), а там пойдзе іншы трэнд.

Усе развагі Лукашэнкі пра неабходнасць большай гаспадарчай свабоды суправаджаюцца, заўважце, рэфрэнам: на перыяд крызісу. Што нагадвае бальшавіцкі нэп: далі прыватніку выцягнуць краіну з разрухі, а потым прыдушылі.

Гэта, самі разумееце, ніякая не лібералізацыя. Між тым крызіс можа зацягнуцца, і сітуацыя, адпаведна, стане разгортвацца катастрафічна.

У прыватнасці, эканаміст Яраслаў Раманчук прагназуе, што «замежнагандлёвая турбулентнасць жорстка пасадзіць айчынных вытворцаў і спажыўцоў». Ён кажа, што

цераз імавернае рэзкае, у два-чатыры разы, падзенне экспартных цэн на калій, нафтапрадукты, чорныя металы, трактары, грузавікі (нашы козыры!) беларускі экспарт сёлета можа скараціцца на 13,5-14 мільярдаў долараў. Гэта поўны абзац.

На думку эксперта, чым долей улада будзе трымацца за захаванне дзяржаўнай уласнасці, жорсткае рэгуляванне вытворчасці, фінансаў ды гандлю, тым большай стане глыбіня падзення.

Незалежныя эканамісты дапускаюць, што ўжо па выніках першага кварталу ВУП скароціцца на 12-15%. А недзе пад восень нас, верагодна, накрые другая хваля рэцэсіі.

Дадамо: калі, крый божа, дойдзе да сацыяльных забурэнняў, то вынік непрадказальны. З перапуду ўлада можа і крыві нарабіць. З іншага боку, асядлаць сітуацыю, узняцца на хвалі пратэстаў найбольшыя шанцы мае зусім не тытульная апазіцыя (чаму — асобная тэма), а які-небудзь новы харызматычны дэмагог-парвеню. І тады мала не здасца нікому.

Механізмы грамадскага дыялогу, цывілізаванага здымання супярэчнасцей не створаны або наглуха заблакаваны. Паўнавартага палітычнага класу няма.

Вярхоўка не адзін год шчыравала, выпальваючы ўнутрыпалітычнае поле. Заўтра гэта можа вылезці бокам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?