Святлана Каваленка (злева) на перапахаванні Каліноўскага ў Вільні разам з Івонкай Сурвілай. Фота з фэйсбука аўтаркі.
Я і радавалася, і сумавала, і ўсміхалася, і плакала, піша ўдзельніца перапахавання Каліноўскага Святлана Каваленка.
Што найбольш уразіла?
Уразіў узровень. Іх пахавалі, як сапраўдных герояў найвялікшай велічыні. Яны заслужылі.
Уразіла колькасць беларусаў. Я баялася, каб мы не растварыліся сярод палякаў ды летувісаў. Выйшла наадварот.
Уразіла стаўлення летувісаў да нас.
Плошча: «Мы вас разумеем», «Мы вас падтрымліваем». І слёзы на вачах.
Каля Росаў. «Так радасна бачыць столькі беларускіх сцягоў. Такога не было з году 1988-га, 1990-га. Беларусы прыязджалі нас падтрымліваць.»
Вежа на гары Гедыміна, субота, супрацоўніца музея: «Мы адсюль назіралі, за тым, што ўчора адбывалася, гэта было так прыгожа. Мы вельмі радыя, што вы прыехалі».
Кафэ, вечар суботы: «Я ехаў сёння з сынам на машыне і мы бачылі вашае шэсце. Сын малады яшчэ, 20 гадоў, нічога не разумее, таму запытаў, што гэта за сцягі. Я патлумачыў. Гэта было так прыгожа! Малайцы!». «Я думаў вас там усіх задушылі, а калі пабачыў, колькі вас учора было, вельмі ўзрадаваўся! Столькі беларускіх патрыётаў! Трымайцеся! Прыязджайце да нас яшчэ».