Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прапанавала праект закона «Аб гарантыях для былога прэзідэнта». У прыватнасці, Канапацкая прапануе недатыкальнасць, захаванне 75% ад заробку, перадачу адной з рэзідэнцый ва ўласнасць, а таксама ахову за дзяржаўны кошт. «НН» апытала лідараў палітычных рухаў, што яны думаюць на гэты конт.

Мікола Статкевіч: «Размаўляць аб гарантыях можна да першай крыві»

«Літаральна сёння Беларускі нацыянальны кангрэс выступіў з заявай, дзе прапануе ўладам дыялог напярэдадні 8 снежня, калі ў Маскве павінна быць падпісанае пагадненне аб «паглыбленай інтэграцыі». Адзіная ўмова — вызваленне палітвязняў і аднаўленне ў правах раней асуджаных па палітычных матывах.

Але я не веру, што Лукашэнка прыме гэтую прапанову — гэта як прапаноўваць наркаману булачку з кефірам замест наркотыкаў. Ён пагодзіцца на такі дыялог толькі калі будзе позна. На сёння Лукашэнка загнаны Расіяй у кут.

Адзін расійскі палітык — ёсць у мяне і такія сувязі праз Сацыялістычны інтэрнацыянал — прама казаў: «А куды ён падзенецца з падводнай лодкі?» Такое ў іх успрыманне сітуацыі.

Гарантыі бяспекі могуць стаць прадметам перамоваў, калі Лукашэнка пагодзіцца на свабодныя выбары, у якіх сам не будзе браць удзел. Да першай крыві гэта дзейнічае».

Анатоль Лябедзька: Бяспека — так, матэрыяльныя даброты — не

«Сама ідэя не новая, і яе першай прапанавала далёка не Канапацкая. Гэта гучала для таго, каб не рабіць палітычных расправаў, каб мог адбывацца спакойны пераход улады. Для дэпрыватызацыі пасады прэзідэнта.

У Канапацкай крыху іншы падыход. Асабліва гэта тычыцца матэрыяльных дабротаў. У людзей гэта будзе выклікаць раздражненне. Лукашэнка так і не выканаў сваё абяцанне давесці заробкі да 500 даляраў. Узровень жыцця ў краіне нашмат ніжэйшы, чым у Польшчы. Таму гэта не будзе сыход усімі любімага кіраўніка.

Даць гаранты бяспекі — гэта адно, а даваць матэрыяльныя выгады — зусім іншае».

Андрэй Дзмітрыеў: «Не дапаможа»

«Добрая ідэя, але не дапаможа. Падобны закон працуе толькі ў тых выпадках, калі на гэта згоднае грамадства».

Павел Севярынец: «Не выключаю такога»

«Такія гарантыя трэба абмяркоўваць штабам адзінага кандыдата, перш чым падаваць. Можа гаворка весціся і пра гарантыі, калі будзе мірная перадача ўлады, я не выключаю такога».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру