Прэзідэнт Гвінеі-Бісаў (дзяржава ў Заходняй Афрыцы) Жоао Бернарду Віейра быў забіты падчас сутыкненняў у сталіцы краіны Бісаў у панядзелак.
Беспарадкі пачаліся пасля гібелі начальніка штаба ўзброеных сіл генерала Тагме На Вайе ў выніку выбуху, што адбыўся напярэдадні.
Прэзідэнт Віейра быў забіты салдатамі, калі спрабаваў збегчы з рэзідэнцыі.
Прадстаўнік ваеннага каманадавання Замора Індута ў размове з карэспандэнтам Франс прэс усклаў віну за гібель начальніка генштаба на прэзідэнта.
Гвінея-Бісаў – былая партугальская калонія ў Заходняй Афрыцы, адна з найбяднейшых краін свету, адзін з цэнтраў сусветнага гандлю наркотыкамі.
Жоао Бернарду Віейра, электрык паводле адукацыі, кіраваў краінай ад 1974 г. як прэм'ер-міністр, ад 1980 г. як прэзідэнт.