Па выніках «нармандскага саміту», які адбудзецца 9 снежня ў Парыжы, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чакае прагрэсу па двух напрамках. Першы з іх — абмен палоннымі, піша rbc.ru.

«Мы чакаем, што зможам правесці новы абмен палоннымі, але ў гэты раз значна маштабнейшы», — сказаў ён у інтэрв'ю, апублікаваным французскай газетай Le Monde. Зяленскі дадаў, што падчас сустрэчы з лідарамі Францыі, Германіі і Расіі хоча абмеркаваць дэталі абмену, у тым ліку яго тэрміны.

Пра тое, што Украіна, самаабвешчаныя «рэспублікі» Данбаса і Расія ўзгаднілі базавы сцэнар абмену «ўсіх на ўсіх», паведамлялі раней крыніцы РБК. Паводле іх звестак, гаворка ідзе аб абмене 250 чалавек, якія знаходзяцца ва Украіне, і 100 чалавек з боку ДНР і ЛНР.

Другі напрамак, па якім Зяленскі хоча дамагчыся зрухаў падчас перамоў у Парыжы, — перамір'е на Данбасе. «Гэта праўда, што інтэнсіўнасць ваенных дзеянняў знізілася з 2015 года, як і колькасць ахвяр, але ўсё роўна [баявыя дзеянні] ня спыненыя», - сказаў ён. Раней Зяленскі называў перамір'е ў Данбасе «фэйкавым».

Пераходзіць да пытання выбараў на паўднёвым усходзе Украіны можна будзе толькі пасля таго, як будуць вырашаны пытанні з абменам палоннымі і перамір'ем, сказаў Зяленскі. «Трэба правесці поўнае раззбраенне, развядзенне ўзброеных груповак, а таксама пазбавіцца ад зброі», — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, Зяленскі выказаў нязгоду з пунктам мінскіх пагадненняў аб парадку правядзення выбараў у ЛНР і ДНР.

Згодна з гэтым пунктам, аднаўленне поўнага кантролю за мяжой з боку ўрада Украіны ва ўсёй зоне канфлікту павінна пачацца пасля мясцовых выбараў. «Я не згодны з такой паслядоўнасцю падзей. Гэта пазіцыя украінцаў, і мы захаваем цвёрдасць [у гэтым пытанні] », - сказаў ён.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0