Пасьля цэлага шэрагу адтэрміновак сёньня ў Менску адкрыты новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Рэкордна сьціслыя тэрміны ўзьвядзеньня аб’екту спрычыніліся да таго, што нават на афіцыйным узроўні не хаваецца: бібліятэка здаецца з істотнымі недапрацоўкамі, якія абяцаюць выправіць у часе эксплюатацыі. У цырымоніі адкрыцьця браў удзел Аляксандар Лукашэнка, зь ініцыятывы якога будоўля набыла статус стратэгічнай дзяржаўнай будоўлі. За асаблівыя заслугі Лукашэнку ўручылі чытацкі білет пад №1.

Так званы VIP-дзень ля Нацыянальнай бібліятэкі пачаўся ад 9-й раніцы. На практыцы гэта азначала, што ачапленьне службы аховы прэзыдэнта нікога не падпускала да будынку ў радыюсе некалькі сотняў мэтраў, а супрацоўнікі бібліятэкі ня мелі права заходзіць у будынак да атрыманьня спэцыяльнага дазволу.

Галоўны госьць, Аляксандар Лукашэнка, зьявіўся толькі апоўдні. Прайшоўшы зь інспэкцыяй па тэрыторыі, зазірнуўшы ўсярэдзіну «алмазу ведаў», Лукашэнка збольшага застаўся задаволены. З рук дырэктара бібліятэкі Рамана Матульскага Аляксандар Лукашэнка атрымаў чытацкі білет №1.

(Лукашэнка: ) «На галоўным праспэкце сталіцы зазьзяў каштоўны алмаз ведаў, які ўвасабляе высокую місію Беларусі - быць культурніцкім цэнтрам славянства, крыніцай дабра і духоўнасьці ў самым цэнтры Эўропы. Там, дзе яднаюцца заходняя і ўсходняя цывілізацыі».

Практычна адразу ж пасьля пачатку будаўніцтва ўзьніклі размовы, што месца пад бібліятэку выбранае няўдала: падземныя пласты пранізаныя так званымі «тарфянымі лінзамі», што робіць няўстойлівым падмурак. Пра гэта і цяпер кажа акадэмік Радзім Гарэцкі.

(Гарэцкі: ) «Па-сапраўднаму трэба было, канешне, вельмі грунтоўныя зрабіць інжынэрна-геалягічныя вышуканьні. А, наколькі я ведаю,такіх сур’ёзных працаў зроблена не было. Тым больш што там, як вядома, было балота, а на глыбіні - тарфянікі. А гэта для будаўніцтва вельмі кепская глеба. Яна мяккая, таму і дае прасадку».

Галоўны інжынэр будоўлі Людміла Шохіна кажа, што істотная затрымка ў працэсе была толькі аднойчы, калі давялося перагледзець праектную дакумэнтацыю і ўглыбіцца ажно на 80 мэтраў замест плянаваных 30-ці.

(Шохіна: ) «Мы на ўсе будынкі ў Беларусі сьвідравіны пад падмурак глыбей за 30 мэтраў не рабілі. Але ёсьць адмысловая пастанова Міністэрства архітэктуры, што супэрскладаныя збудаваньні трэба лічыць па двух праграмах. З улікам, што праграмы складаюцца таксама жывымі людзьмі, яны далі разыходжаньне па сьціснутай таўшчыні грунту пад нагрузкай. І мы першы раз бурылі сьвідравіну 80 мэтраў глыбінёй. Дзеля маральнага супакою свайго, навукоўцаў і іншых. І калі мы ўглыбіліся, то на 40 мэтрах знайшлі сухую затарфаванасьць, якую грунт спрэсаваў так, што яна не адрозьнівалася ад гліны. Чаму народ ва ўсім гэтым корпаецца, мне не зразумела. Ёсьць людзі, якія займаюцца гэтымі пытаньнямі прафэсійна. І мы ў тым ліку».

З маўклівай згоды бакоў бібліятэка здадзеная са шматлікімі недапрацоўкамі. У прыватнасьці, пасьля рашэньня арганізаваць прэзыдэнт-цэнтар з залямі для самітаў унутраныя канструкцыі давялося цалкам перарабляць. Аднак сёньня Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу завяршыць усе працы да 23 чэрвеня, каб прыняць тут саміт кіраўнікоў краінаў-удзельніцаў Эўразійскай эканамічнай супольнасьці і Арганізацыі дагавору калектыўнай бясьпекі.

Цягам бліжэйшага месяца ў будынку бібліятэкі будуць ладзіцца бясплатныя арганізаваныя экскурсіі. Як распавялі супрацоўнікі бібліятэкі, робіцца гэта дзеля таго, каб людзі ўбачылі, куды пайшлі іхныя грошы. У далейшым турыстаў сюды будуць вадзіць за грошы, у зьвязку з чым створаны адмысловы экскурсійны сэктар. Дарэчы, зь пераездам у новы будынак павысіўся і кошт афармленьня чытацкага білету - ад 2 да 5 тысяч рублёў.

Узьвядзеньне Нацыянальнай бібліятэкі пачалося ў лістападзе 2002 году. Замест 6,5 гадоў складанай формы будынак узьвялі за тры зь невялікім. Галоўнымі архітэктарамі сталі Віктар Крамарэнка і Міхаіл Вінаградаў, якія распрацавалі праект яшчэ напачатку 1990-х. Вышыня будынку - больш за 70 мэтраў, агульная плошча - 112 тысяч квадратных мэтраў, у тым ліку кнігасховішча - 55 тысяч. На вышыні 72 мэтры плянуецца абсталяваць аглядную пляцоўку, на якую наведнікаў будзе дастаўляць панарамны ліфт. Адначасна бібліятэку змогуць наведваць 2 тысячы чытачоў. Штат бібліятэкараў і абслугі складае 1,5 тысячы супрацоўнікаў. Чытацкія білеты ўжо атрымалі каля 1800 чалавек.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0