Кіроўца аўтобуса, які паказаў пасажыру дулю і трапіў на відэа, распавёў tut.by сваю версію канфлікту. Зрэшты, Руслан не апраўдвае сябе, кажа: сарваўся. Але гэтаму зрыву папярэднічалі некаторыя падзеі.

— Пачалася сітуацыя так. Прыпынак «Гвардзейская», у бок ДС «Сярова». На прыпынку стаяла чалавек дзесяць. Я пад'ехаў, адчыніў дзверы, усе чамусьці зайшлі ў заднія дзверы. Хоць цяпер, калі хто не ведае, для набыцця талона трэба заходзіць праз пярэднія дзверы. Зайшлі людзі, я зачыніў дзверы, крануўся і праехаў ужо метраў сто — чую грукат у кабіну. Паглядзеў у салонную лінзу — стаіць мужчына, трымае ў руцэ 10 рублёў. У мэтах бяспекі нам забаронена на хаду прадаваць талоны, рабіць гэта можна толькі на прыпыначных пунктах. Таму я працягнуў рух, не абяртаючыся. Ён пастукаў яшчэ разы два-тры. Я не звяртаў увагі. Пад'ехалі да прыпынку «Юбілейная». Я спачатку адчыніў дзверы для пасажыраў, потым фортку.

Малады чалавек працягнуў кіроўцу дзесяць рублёў і папрасіў адзін талон. Кіроўца яму ветліва нагадаў, што талончыкі прадаюцца толькі на прыпыначных пунктах, а ў руху ажыццяўляць разлікі забаронена. Малады чалавек кіўнуў, нібыта ўсё зразумеў. Руслан кажа, што якраз у той дзень у яго быў сапраўдны «хапун»: пасажыры куплялі талоны па адным-два, давалі то пяць, то дзесяць рублёў. Дробязі на рэшту не было зусім, а пасажыру прынцыпова патрэбен быў толькі адзін талон.

— Я яму кажу: «Вы ведаеце, я вам не адлічу рэшту, едзьце па факце». Ён перапытвае: «Як па факце? Штраф плаціць? »Я яму тлумачу, што штраф плаціць не трэба, я бяру адказнасць на сябе. Калі кантралёры зойдуць — скажаце, што кіроўца мяне не абілеціў, бо не было рэшты. Звычайна ў такіх сітуацыях кантралёры ідуць насустрач, ніякіх праблем няма. Бываюць такія сітуацыі.

Ён яшчэ разы тры перапытаў, што такое «па факце». Я растлумачыў, што нават у школе гэта разумеюць. Пасля гэтага я зачыніў фортку.

Руслан заўважае, што звычайна ў такой сітуацыі, калі ў кіроўцы няма рэшты, пасажыры самі ўсё разумеюць без лішніх тлумачэнняў. А некаторыя нават спецыяльна гэтым карыстаюцца: даюць буйныя купюры ў надзеі, што ў кіроўцы не будзе рэшты. Гэта ўжо ўсе вадзіцелі ведаюць.

— Потым гэты хлопец зноў стукаецца. Думаю, можа, знайшоў грошы, адчыняю фортку. Ён мне працягвае 50 капеек. Кажа: «А можна на пяцьдзесят капеек паўталона ўзяць?» Я гэта ўспрыняў як жарт, хоць і недарэчны, і ў адказ таксама аджартаваўся: «Вы ведаеце, сёння не прадаю па паўталона, заўтра прыходзьце». Чалавека гэта, відаць, абразіла. Гляджу, дастаў тэлефон, пачаў фатаграфаваць бэйдж. У каментарах да артыкула ўжо заўважылі, што бэйдж быў адзін, на імя Аляксандр. Гэта напарніка картка, а мая ад вібрацыі звалілася за скрынку, якая пад шыльдачкай з бэйджамі стаіць.

Руслан распавёў, што людзі, бывае, скардзяцца на нейкія сітуацыі. Не праблема. Фатаграфуюць картку кіроўцы, дадзеныя парку — і ідуць пісаць скаргу. Гэта нармальная сітуацыя.

— А гэты грамадзянін пасля таго, як зняў бэйдж, гляджу, апусціў тэлефон і ўжо здымае на відэа мяне. На якой падставе і навошта? Для чаго? Мяне гэта раззлавала. Тым больш да гэтага ён мяне ўжо трохі завёў сваімі дурнымі пытаннямі. Я ж ужо даў чалавеку магчымасць ехаць бясплатна — не, прычапіўся. Шчыра кажучы, за 10 гадоў працы такога пасажыра ўпершыню сустракаю. І вось ён стаіць, па сутнасці, за спіной, здымае. У такіх умовах непрыемна рухацца. І так, каюся, у гэтай сітуацыі не вытрымаў і паказаў тую самую фігуру з трох пальцаў, якая і патрапіла на відэа. Ня апраўдваю сябе: сарваўся.

Руслан даехаў да прыпынку, адчыніў дзверы і папрасіў пасажыра пакінуць салон, ужо калі перайшоў з ім на «ты».

— Калі вы ўважліва паслухаеце, што гавораць на відэа, то пачуеце, што там за кадрам жанчына нават выказалася на адрас гэтага пасажыра: «Ой, не здымайце, вось глупствам займаецеся, спецыяльна. А ён сказаў вам: няма рэшты». Гэта значыць, нават пасажыры бачылі і зразумелі, што гэта была правакацыя. Толькі я не разумею, для чаго ўсё гэта было зроблена?

На жаль, відэарэгістратары ў аўтобусе Руслана здымаюць толькі ў двух ракурсах. Адзін наперад праз лабавое шкло, і другі скіраваны на пасажырскі салон. Кабіну кіроўцы камеры не здымаюць. Руслан разумее, што ўсе яго тлумачэнні — гэта толькі словы, якія ён даказаць не можа.

— Такое адчуванне, што чалавек ад пачатку шукаў канфлікту. Можа, яго закранула тое, што я яму ў руху не прадаў талон, ці хацеў праславіцца ў інтэрнэце такім ролікам… Але мне асабіста такая слава дакладна была не патрэбна. У выніку гэтага канфлікту мяне пазбавілі ўсіх прэмій і аб'явілі вымову, — падсумоўвае Руслан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0