Першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сергеенка стаў новым старшынёй Адміністрацыі прэзідэнта. Ён заняў адну з найважнейшых пасадаў у краіне — менавіта Сергеенка будзе падбіраць для Лукашэнкі кандыдатаў на ўсе значныя пасады.

Пра прыватнае жыццё спецслужбіста амаль нічога невядома, але «Наша Ніва» знайшла некалькі фактаў пра бацькоў і сям'ю новага топ-чыноўніка.

Ігар Сергеенка нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Сталіца, што на Шаркаўшчыне. Гэта было звязана з працай яго бацькі.

Некаторыя старыя жыхары Сталіцы і па сёння памятаюць сям’ю Сергеенкаў. Кажуць, абое, і Пятро Міхайлавіч, і Ганна Рыгораўна былі настаўнікамі. Спачатку працавалі ў суседнім мястэчку Германавічы, але ў пачатку 1950-х Пятра накіравалі ў Сталіцу падымаць мясцовы калгас «Свабода». Ён стаў старшынёй калгаса, а жонка Ганна працягнула працу ў школе — была настаўніцай пачатковых класаў.

«У Сталіцы калгас дапамог ім пабудаваць дом. Жылі яны добра, харошая сям’я вельмі. Але ж праца тады ў калгасе была няпростая. Гэта сёння старшыня сеў на машыну і паехаў. А тады бедны Пятро Міхайлавіч пехатою хадзіў. А калгас вялікі, трэба абыходзіць ўсе брыгады. Ён і хадзіў на сваіх дваіх, і ўлетку, у спёку, і ўзімку, у холад. Пазней ужо далі каня, але першы час калгасы ж былі бедныя, таму нават старшыня хадзіў пехам! — узгадваюць у вёсцы. — Але ж Пятро Міхайлавіч быў добрым старшынём. Калгас падымаўся паціху, людзі выбіліся з працаднёў, пачалі хоць нейкі заробак атрымліваць. Гэта яго заслуга была».

Падчас жыцця ў Сталіцы ў Сергеенкаў нарадзілася трое дзяцей. Дзве дачкі — старэйшая Алла і сярэдняя Людміла — і малодшы сын Ігар. Яны пачалі хадзіць у школу ў Сталіцы, але пасля сям’ю Сергеенкаў перавялі на іншую працу. Яны пераехалі ў суседнюю вёску Більдзюгі. Там Пятро Міхайлавіч стаў дырэктарам школы.

Адтуль Сергеенкі пераехалі ў Дзісну. Там у 1990 годзе памерла Ганна Рыгораўна. Расказваюць, што яна цяжка хварэла. У выніку яна, як кажуць вяскоўцы, скончыла жыццё самагубствам.

«Хто ж там ведае, што здарылася насамрэч… Але расказвалі, што не вытрымала нясцерпнага болю», — узгадваюць вяскоўцы.

З таго часу Пятро Міхайлавіч жыў адзін. Калі гады пачалі браць сваё, бацьку забіралі да сябе дзеці. Ён жыў то ў старэйшай дачкі ў Наваполацку, то ў Мінску, у сярэдняй дачкі і сына.

Памёр Пятро Міхайлавіч каля двух гадоў таму. Пахавалі яго побач з жонкай, на могілках вёскі Падсвілле ў Глыбоцкім раёне.

«Выдатныя людзі, добрая сям’я была. Выгадавалі добрых, разумных дзяцей», — узгадваюць Сергеенкаў жыхары Сталіцы.

Калі дзеці Сергеенкаў выраслі, то раз’ехаліся па краіне. Ала выйшла замуж, сёння жыве ў Наваполацку, мае дарослых дачку і сына.

«Ала выйшла замуж за мясцовага хлопца Сцяпана, са Сталіцы. Яны даўно сябравалі, з дзяцінства. Пасля Сцяпан перабраўся ў Наваполацк працаваць на заводзе. Яны з Алай пабраліся шлюбам, і яна таксама пераехала ў Наваполацк», — распавядаюць у Сталіцы.

«Наша Ніва» адшукала Алу Пятроўну, але яна адмовілася ад каментаў пра брата. 

Людміла пайшла ў медыцыну, стала фармацэўтам, кажуць вяскоўцы. Сёння яна жыве ў Мінску. Мае дарослага сына, праўда, з мужам развялася.

Ігар Сергеенка, як вядома, вучыўся ў вясковых школах. Пра яго вяскоўцы ўзгадваюць так: «Быў чалавек навукі. Кніжкі вельмі любіў, прыроду. Вельмі добра вучыўся ў школе».

Пасля Ігар скончыў гістфак БДУ у 1984 годзе, а з 1988 года працаваў у КДБ. Кажуць, падчас яго службы ў Віцебску ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аленай. На той момант Ігар ужо быў падпалкоўнікам.

«У Алены ўжо была дачка ад першага шлюбу, Ігар яе выхоўваў як сваю. А пасля нарадзілася і агульная дачка. Вельмі прыгожая і добрая дзяўчынка, сёння яна вучыцца ў ці то 8-м, ці то 9-м класе», — расказваюць вяскоўцы са Сталіцы.

Пасля Ігар і Алена Сергеенкі паспелі пажыць і Гродне, і ў Магілёве. Сергеенка ўзначальваў спачатку Гродзенскае ўпраўленне КДБ (2005-2010), пасля Магілёўскае ўпраўленне (2010-2013).

З 2013 Ігар Сергеенка быў намеснікам, пасля першым намеснікам старшыні КДБ.

А цяпер змяніў Качанаву на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

У Сталіцы пра новую пасаду Ігара Сергеенкі ўжо ведаюць і вельмі ім ганарацца:

«Сёння якраз бачылі па тэлевізары, што Ігара абралі намеснікам прэзідэнта. Мы вельмі рады за яго, канечне. Рады, што ад нас такі чалавек выйшаў!»

Ігар Сергеенка

Нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Сталіца Шаркаўшчынскага раёна. Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1984) і Акадэмію кіравання (2006). З 1988 працаваў у КДБ.

Узначальваў Гродзенскае ўпраўленне КДБ (2005-2010), Магілёўскае ўпраўленне КДБ (2010-2013). У 2013—2019 намеснік, пасля першы намеснік старшыні КДБ.

З 2019 — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?